Што і як часта можна ўвозіць у Беларусь з-за мяжы па новых правілах
Новыя абмежаванні датычаць толькі беларусаў і толькі на беларускай мяжы. Вазіць тавары часцей, чым раз на 2-3 гады можна будзе праз Расію.
Тавары, якія раней можна было вазіць з-за мяжы раз на год, з 10 сакавіка дазволяць толькі раз на 2-3 гады. Такія меры ўводзіць Беларускі мытны камітэт. Прычым залічвацца будуць нават тыя тавары, што былі ўвезеныя пасля 31 сакавіка 2014 года.
Што і наколькі часта можна прывозіць?
На працягу трох каляндарных гадоў – можна будзе ўвозіць па 1 адзінцы: пліты газавыя (альбо электрычныя) кухонныя, варачныя панелі, выцяжкі бытавыя, кухонныя камбайны, печы мікрахвалёвыя, духавыя шафы, ванны, душавыя кабіны, ракавіны для сцёку вады, ракавіны для мыцця, бідэ, унітазы, бачкі зліўныя, халадзільнікі-лядоўні бытавыя, халадзільнікі бытавыя, лядоўні бытавыя, машыны пасудамыйныя, машыны пральныя бытавыя, кавамашыны бытавыя, машыны швачныя бытавыя, воданагравальнікі бытавыя, камп'ютарныя маніторы каляровыя з вадкакрышталёвым экранам, ноўтбукі (нэтбукі), планшэтныя ПК, капіравальна-памнажальная тэхніка, апаратура прыёмная для тэлевізійнай сувязі, кандыцыянеры, касілкі для газонаў (трымеры), пыласосы, зварачныя апараты бытавыя, электрагенератары бытавыя, абсталяванне для мыцця аўтамабіляў бытавое, дзіцячыя вазкі (кожнага віду ў залежнасці ад узросту дзіцяці), лодачныя маторы, грамадзянская гладкаствольная або наразная зброя і яе часткі.
На працягу двух каляндарных гадоў – можна ўвозіць максімум чатыры зімовых ці летніх шын (альбо колаў з летнімі шынамі, у тым ліку былых ва ўжыванні). Уладальнікі матацыклаў, мапедаў, мотаролераў могуць увозіць ад 2 да 3 шын (пры наяўнасці калыскі). Таксама можна ўвозіць да 4 дыскаў. Увозіць шыны і дыскі можа толькі уладальнік транспартнага сродку. Пры гэтым трэба будзе дакументальна пацвердзіць мытнікам права ўласнасці на транспартны сродак.
Калі пасля 31 сакавіка 2014 года я прывёз з Польшчы пральную машыну, ці змагу прывезці яшчэ адну пасля 10 сакавіка 2015-га?
Не! 3 гады мытнікі пачынаюць адлічваць з 31 сакавіка 2014 года. Калі вы прывезлі “пралку” мінулым летам, то наступную зможаце толькі ў 2017 годзе.
Інфаграфіка – БелаАН
Калі ўсё ж купіў другую за год “пралку” і вязу яе праз мяжу, ці змагу заплаціць мытныя пошліны?
Заплаціць пошліну не атрымаецца. А праз мяжу з таварам вас не пусцяць. Давядзецца вярнуцца назад і пазбавіцца ад пакупкі. Тэарэтычна заплаціць пошліну можна. Але рабіць гэта не раяць нават самі мытнікі праз складаную схему. Так, пошліну можна заплаціць за тавары, якія важаць больш за 35 кілаграмаў, пры гэтым яны страцяць статус “для асабістага карыстання”. Далей растаможка як для юрыдычных асоб, дзе ў залежнасці ад кошту тавару вызначаць памер пошліны. Праўда, на Гродзенскай мытні раяць пачакаць: магчыма, неўзабаве з’явяцца дадатковыя тлумачэнні.
Ці можна абысці новыя правілы?
Так! Абмежаванне ўводзіцца выключна для беларусаў і на межах Беларусі. Вазіць рэчы з абмежавальнага спісу часцей чым раз на 2-3 гады можна праз Расію (напрыклад, маршрутам Вільня — Дзвінск (Даўгаўпілс) — Церахава — Мінск. Гэта каля 720 км замест 180 км звыклым шляхам). Там нашы правілы не дзейнічаюць, але замест іх ёсць свае.
Ці датычыць гэта грамадзянаў іншых краін Мытнага саюза: расіян і казахаў?
Атрымліваецца, што праз беларускую мяжу расіянін і казах змогуць вазіць пральную машыну часцей чым раз на 2-3 гады. Пры гэтым яны павінныя будуць даказаць, што вязуць пакупку сабе дадому, а не проста перавозяць па просьбе гаротнага беларуса ці хочуць прадаць недзе на тэрыторыі нашай краіны. Як гэта будзе працаваць, пакуль невядома.
Навошта гэта спатрэбілася?
Па адказ далёка хадзіць не трэба. Здавалася б, ён зразумелы, але на ўсялякі выпадак спытаем у эканаміста Сяргея Чалага.
“Заставалася небяспека, што людзі, якія пасля падзеяў канца снежня 2014 года не могуць задаволіць свой попыт на імпартныя тавары, паедуць за мяжу. Вырашылі закрыць гэтую магчымасць. Задача стаіць тупа і шчыра: скараціць спажывецкі імпарт”.
Фота: belport.by