Што за антыбіётык, пасля ўколу якога пад Маладзечнам памерла жанчына?

Што за антыбіётык, пасля ўколу якога пад Маладзечнам памерла жанчына?

16 студзеня ў Маладзечанскім раёне 31-гадовая жанчына памірае пасля ін'екцыі лекаў. Па звестках следства, яна адмовілася ад пігулак, якія прапанавала ёй доктар, і папрасіла зрабіць укол прэпарата, ампулу якога прынесла з сабой. 

Экспертыза мусіць дакладна высветліць, ад чаго памерла жанчына. Але маладзечанскі доктар пацвердзіў Еўрарадыё: гаворка ідзе пра "цэфтрыаксон 1 грам". А Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з "адзінкавым выпадкам цяжкай непажаданай рэакцыі" ў пацыенткі з 20 студзеня абмяжоўвае ўжыванне двух лекавых прэпаратаў:
- па-першае, антыбіётыка "Цэфтрыаксон" (парашок для прыгатавання раствору для ін'екцый, 1 грам у флаконах, серыя 210215);
- па-другое, гідрахларыду лідакаіну (раствор для ін'екцый 10мг/мл у ампулах 5 мл, серыя 650916), якім часта разбаўляюць цэфтрыаксон, каб укол быў не такі балючы.

Абодва прэпараты вырабляюцца на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў. Абмежаванае ўжыванне толькі пэўных партый лекаў.

Цэфтрыаксон па-ранейшаму можна набыць і ў Маладзечне, і ў Барысаве

 

У Беларусі ёсць яшчэ адзін буйны вытворца цэфтрыаксону — мінскі завод "Белмедпрэпараты". Антыбіётык яго вытворчасці сёння прадаецца ў аптэках без абмежаванняў. "На РУП "Белмедпрэпараты" не паступала інфармацыі аб зняцці [з ужывання ва ўстановах аховы здароўя] лекавага сродку "Цэфтрыаксон" нашай вытворчасці", — адказала на запыт Еўрарадыё Вольга Пацягевіч, намесніца начальніка аддзела забеспячэння якасці на мінскім прадпрыемстве.

20 студзеня ў Барысаве ў рэанімацыю пасля ўколу антыбіётыка трапляе 11-гадовы школьнік. Як піша ex-press.by, яму таксама зрабілі ін'екцыю цэфтрыаксону, разведзенага лідакаінам. Што праўда, антыбіётык быў не беларускай, а расійскай вытворчасці, зроблены на падмаскоўным прадпрыемстве "РУЗФАРМА".

"Цэфтрыаксон? А рэцэпцік ёсць у вас?" — пытаюцца ў Еўрарадыё ў адной з аптэк Маладзечна. Адказваю, што з рэцэптам усё ў парадку. "Вам беларускі ці імпартны?" — працягвае аптэкарка. Кажу, што мне таннейшы. "Беларускі... ёсць!" — рэзюмуе дзяўчына.

"11,40 за 10 флаконаў", — проста адказваюць у іншай маладзечанскай аптэцы на пытанне, ці ёсць у іх "цэфтрыаксон 1 грам".

Антыбіётык дагэтуль можна набыць і ў Барысаве. "Які вытворца вас цікавіць? — пытаюцца ў мяне ў аптэцы непадалёк ад школы, дзе вучыцца пацярпелы хлопчык. — Ёсць Барысаў, Мінск, Расія. І імпартныя: "Біятраксон" (Польшча) і "Медаксон" (Кіпр)". Пытаюся што патанней. Высвятляецца, што расійскі цэфтрыаксон — самы танны: 1 рубель 9 капеек за флакон!

Цэфтрыаксон некалькі разоў забаранялі ў Расіі

 

Цэфтрыаксон — даволі распаўсюджаны і параўнальна танны антыбіётык. Пад гэтай назвай яго вырабляюць у Беларусі, Расіі, Украіне, Індыі, Кітаі. Прэпарат ад вытворцаў з усіх гэтых краінаў у розны час трапляў у спіс забракаваных на тэрыторыі Расіі, у выніку чаго яго рэалізацыя на тэрыторыі РФ прыпынялася. Прычым ва Украіне цэфтрыаксон (украінскай вытворчасці) забаранялі разам з лідакаінам пасля смерці пацыента.

Нас найбольш цікавіць беларускі цэфтрыаксон, выраблены на мінскім заводзе "Белмедпрэпараты" і на "Барысаўскім заводзе медыцынскіх прэпаратаў". Продажы гэтых лекаў у Расіі прыпыняліся некалькі разоў. А ў 2012 годзе Федэральная служба па наглядзе ў сферы аховы здароўя РФ таксама адначасова прыпыніла рэалізацыю цэфтрыаксону і лідакаіну. Гэта адбылося пасля таго, як у лякарні горада Воткінска ва Удмурціі "сур'ёзныя непажаданыя рэакцыі" пасля прыёму гэтых прэпаратаў развіліся ў дзяцей.

Што за антыбіётык, пасля ўколу якога пад Маладзечнам памерла жанчына?

Цэфтрыаксон вытворчасці "Белмедпрэпаратаў" адклікалі з рэалізацыі і ў 2014, і ў 2015 годзе. Прычым апошні выпадак мяжуе з кур'ёзам: Расздароўнагляд знайшоў ва ўпакоўцы прэпарата "пабочны прадмет (меркавана металічны болт)":

Што за антыбіётык, пасля ўколу якога пад Маладзечнам памерла жанчына?

Кожны раз забараняецца не ўвесь прэпарат цалкам, а канкрэтная партыя, якая, на думку расійскіх экспертаў, можа быць недабраякаснай і несці пагрозу жыццю людзей.

Прычынай анафілактычнага шоку можа быць не цэфтрыаксон, а лідакаін

 

У Беларусі цэфтрыаксон таксама забаранялі, але толькі аднойчы — і не беларускай вытворчасці. У кастрычніку 2013 года Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у сферы аховы здароўя забракаваў гэты антыбіётык вытворчасці ААТ "Кіеўмедпрэпарат", бо яго каляровасць была вышэйшай за норму.

Доктар "хуткай дапамогі" Канстанцін Таўстаногаў з Бабруйска піша ў "Фэйсбуку", што выпадкі, калі арганізм чалавека дрэнна рэагуе на цэфтрыаксон, сустракаюцца даволі часта. Асабліва праблемная сумесь антыбіётыка якраз з лідакаінам. "Папулярная ў нас цяжкая рэакцыя на ін'екцыю, менавіта на такую сумесь. У клінічным выглядзе анафілаксіі, — разважае доктар. — Чаму — невядома, але такая з'ява ёсць у прыродзе. Скажам, у пачатку гэтага года я асабіста аказваў дапамогу ўжо траім пацыентам з цяжкай алергічнай рэакцыяй на такую сумесь. Дарэчы, калі разводзіць антыбіётык вадой для ін'екцый, рэакцыя практычна не сустракаецца. Праўда, попу сваю шкада".

Анафілактычны шок, які наступае пасля ін'екцыі, пакідае дактарам вельмі няшмат часу на тое, каб выратаваць пацыента. Ён заканчваецца смерцю ў 10-20% выпадкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі