"Афіцыйна — у адпачынку": што здарылася з дырэктарамі цукровых заводаў Беларусі
Паводле непацверджаных звестак, у Беларусі затрыманыя дырэактары ўсіх чатырох цукровых прадпрыемстваў — Гарадзейскага і Скідальскага камбінатаў, а таксама Слуцкага і Жабінкаўскага завода.
У нядзелю з'явілася інфармацыя, што дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіла Крыштаповіча знялі ў Гродне з самалёта, які ляцеў у Мюнхен.
"Мы ведаем тое ж самае, што і вы. Для нас афіцыйна кіраўнік знаходзіцца ў адпачынку", — пракаментавалі Еўрарадыё ў прыёмнай Крыштаповіча.
У тым жа самалёце ляцеў дырэктар Слуцкага камбіната Мікалай Пруднік. Яго, нібыта, таксама знялі з рэйсу і затрымалі.
Па інфармацыі Еўрарадыё, затрыманы і дырэктар Жабінкаўскага цукровага завода Віктар Міронаў. Гэта абмяркоўваюць рабочыя на прадпрыемстве.
На працоўных месцах нікога з дырэктараў цукровых заводаў у панядзелак няма. Аднак іх затрыманне афіцыйна не пацвярджае Еўрарадыё ніводнае сілавое ведамства — ні Следчы камітэт, ні КДБ, ні МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.