Штогод у свеце выкідваюць 1,3 мільярда тон ежы

Сярэдняя брытанская сям’я выкідвае ежы на 830 еўра штогод. Да такой высновы прыйшлі мясцовыя даследчыкі. У адказ на гэтыя лічбы буйная сетка супермаркетаў Tesco вырашыла распачаць барацьбу з марнаваннем ежы.

“Tesco заявіла, што спыніць некалькі прапановаў, якія заахвочваюць больш набываць. Буйнейшы рэтэйлер Вялікабрытаніі таксама паабяцаў працаваць з вытворцамі, каб зменшыць шкоду, палепшыць маршруты транспарціроўкі прадуктаў і падзяліцца з кліентамі парадамі аб лепшым захоўванні прадуктаў”, — піша нямецкае выданне Deutsche Welle.

Згодна са статыстыкай Еўракамісіі, штогод у Еўропе марнуецца 90 мільёнаў тон прадуктаў.

Deutsche Welle распавядае, што робяць з ежай, якую не прадалі, ў Германіі. Ёсць закон, які забараняе супермаркетам проста так выкідваць ежу ў сметнікі. Але адмысловыя кампаніі ведаюць, што з ёй рабіць.

Deutsche Welle: “Кампанія падбірае харчовыя адкіды, перапрацоўвае, выцягваючы матэрыялы, неабходныя для вытворчасці біядызеля, а таксама экалагічна чыстай энергіі ў выглядзе электрычнасці і цяпла для біягазавых установак”.

Толькі праблема ў тым, што большасць адкідаў ствараюць хатнія гаспадаркі, якія, у адрозненне ад камерцыйных прадаўцоў, не падпарадкоўваюцца законам.

Цікава, што 10% з прадуктаў, якія выкідваюць у Еўропе, адносяцца да суседняй з Беларуссю Польшчы. Але тут таксама спрабуюць выкарыстоўваць усе магчымасці. Нядаўна гандлёвыя сеткі былі пазбаўленыя падатку на дададзеную вартасць пры перадачы ежы арганізацыям публічнага харчавання. Дырэктар познаньскага “Банка ежы” Кшыштаф Яркоўскі распавядае пра лёс прадуктаў, тэрмін прыдатнасці якіх заканчваецца:

“Зранку ў дзень, калі заканчваецца тэрмін прыдатнасці прадуктаў, мы іх атрымоўваем, а ў абед перадаём людзям, якім яны патрэбны. У выніку ежа не марнуецца і не выкідваецца”.

Варта дадаць, што, паводле сусветнай статыстыкі, штогод выкідваюцца ў сметнікі фантастычныя аб’ёмы ежы — 1,3 мільярда тон.

Фота: bushwickbk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі