Мы якраз расказвалі вам, што ў Беларусі надоечы таксама з'явіліся незвычайныя сябры. У спісе апошніх кантактаў няма Пхеньяна. Зрэшты, з Паўночнай Карэяй беларускі МЗС знаёмы праз адзін поціск рукі.
Зноў пандэмія? Наўрад ці
Драпежныя бактэрыі, здольныя забіць чалавека за два дні, распаўсюджваюцца па Японіі. Да пачатку лета ў Японіі зарэгістравалі 977 выпадкаў сіндрому стрэптакокавага таксічнага шоку, які развіваецца з-за незвычайных паводзінаў бактэрый стрэптакока А. Але гэта не штосьці новае.
Ад 5% да 20% дарослых людзей хварэюць бессімптомна на інфекцыі, выкліканыя стрэптакокам. Але гэтая бактэрыя можа выклікаць і вельмі сур'ёзныя захворванні: ад танзіліту да шкарлятыны і пнеўманіі. А ў некаторых цяжкіх выпадках бактэрыі стрэптакока могуць пранікаць у парэзы і ранкі, а адтуль — заглыбляцца ў мяккія тканкі і мышцы. І тады яны выклікаюць некратворны фасцыіт, які называюць страшнымі словамі "драпежная хвароба". І вось гэта захворванне якраз распаўсюджваецца па Японіі рэкорднымі тэмпамі.
У цэлым такой катастрофы, як у загалоўках жоўтых СМІ пра "смяротныя драпежныя бактэрыі", няма. Бактэрыя вядомая навукоўцам, і ёсць сродкі, каб з ёй змагацца.
Без панікі. Але рукі памыйце.
У далёкай-далёкай галактыцы
Не хочам вас палохаць, але дзесьці ў космасе раптам прачнулася чорная дзірка, і яе маса ў мільён разоў большая за масу Сонца. Яна праўда знаходзіцца ў далёкай-далёкай галактыцы, за якой навукоўцы назіраюць даўно. І там — таксама даўно — не адбывалася анічога цікавага.
У канцы 2019 года ўсё памянялася: навукоўцы заўважылі, што галактыка раптоўна стала свяціцца ярчэй, і свеціцца да гэтага часу. Аказалася, што свячэнне звязанае з тым, што ў сэрцы зорнай сістэмы раптам прачнулася гіганцкая чорная дзірка. Навукоўцы кажуць, што яна ладзіць проста-такі светлавое шоу, таму што ў сэрца дзіркі трапляе велізарная колькасць усяго, чым была напоўненая тая галактыка. А яшчэ можа свяціцца зорка, якая разрываецца на часткі, калі занадта набліжаецца да чорнай дзіркі.
А вы кажаце — вакол нас дзеецца вар'яцтва. Ды вы толькі ўявіце, што адбываецца ў той галактыцы!
Будзь як Скарлет Ёхансан
Чат GPT-4 прайшоў тэст Цьюрынга. Гэта значыць, што машына ўпершыню здала знакаміты тэст, які па ідэі можа прайсці толькі чалавек. О_о, у нас праблемы?
Аўтары даследавання папрасілі 500 чалавек пагаварыць з чатырма суразмоўцамі: адным чалавекам і трыма праграмамі. Задача людзей была ў тым, каб пазнаць, каторы з іх штучны інтэлект. І яны яе правалілі.
Ад штучнага інтэлекту тэст спрабавалі прайсці праграма з 1960-х ELIZA, а таксама GPT-3.5 і GPT-4. Размовы доўжыліся пяць хвілін, пасля чаго ўдзельнікі павінны былі сказаць, як яны лічаць, размаўляюць яны з чалавекам ці са штучным інтэлектам. Удзельнікі даследавання ў 54% выпадкаў палічылі GPT-4 — за чалавека.
Падобны тэст яшчэ ў пачатку 1950-х прапанаваў англійскі матэматык Алан Цьюрынг. ChatGPT-4 ад Open AI стаў першым штучным інтэлектам, які "здаў тэст".
Навіна пра тэст Цьюрынга вас напалохала? Хочаце, каб штучны інтэлект пракачваўся павольней? Ёсць і іншая ідэя: можа, нам проста варта больш актыўна пракачваць сябе?
Вось Скарлет Ёхансан ужо перамагла ў адной бітве з ШІ. Менавіта Open AI паспрабавалі скрасці тэмбр яе голасу, каб аддаць яго свайму боту. Але ў Ёхансан атрымалася адстаяць сябе. Мяркуючы па навінах, наступная бітва з ШІ не за гарамі.