Шуневіч: Каля 10 беларусаў з'ехалі ваяваць за "Ісламскую дзяржаву"
Каля 10 беларусаў з'ехалі ваяваць за тэрарыстычную групоўку "Ісламская дзяржава". Такую лічбу назваў журналістам міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
"Для мяне нават калі адзін чалавек вырашыў стаць баевіком — гэта шмат. Ён жа ў любы момант можа вярнуцца ў Беларусь з баявым вопытам, гранатай або зброяй. Але такія прэцэдэнты ёсць. Намі выяўлена не больш за дзясятак такіх чалавек. Па кожным вядомым нам выпадку мы праводзім праверку і будзем даваць прававую ацэнку", — цытуе БЕЛТА заяву міністра.
Шуневіч адзначыў, што нельга адназначна выявіць, з якой прычынай нашы суграмадзяне выязджаюць за мяжу. Чалавек не дэкларуе сваё жаданне ваяваць, а проста едзе ў Турцыю, а адтуль ужо — на тэрыторыю "Ісламскай дзяржавы".
Па словах міністра, праваахоўнікі кажуць пра ўдзел у баявых дзеяннях, толькі калі маюць фактычныя звесткі.
Фота: БЕЛТА