Сілавікі разграмілі яшчэ адну кватэру, гэтым разам псіхолага Алы Марціновіч
У кватэры выламалі дзверы, раскідалі і зламалі рэчы
Сілавікі разграмілі яшчэ адну кватэру, гэтым разам псіхолага Алы Марціновіч з Гомеля. Такім чынам яны помсцяць палітычным уцекачам, якія знаходзяцца ў недасягальнасці для іх, спрабуюць арганізаваць псіхалагічны ціск.
З пачаткам поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны Марціновіч звярталася да беларусаў з антываенным пасланнем. Калі яна вымушана была пакінуць Беларусь з-за пераследу, сілавікі затрымлівалі і судзілі яе дачку Ксенію. У дачыненні да Алы Марціновіч распачатая крымінальная справа паводле артыкула "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім", нагадвае "Флагшток".
У 2022-2023 гадах былі разгромлены некалькі кватэр іншых палітуцекачоў. Сярод іх — Яніна Сазановіч, Вадзім Пракоп'еў, Андрэй Павук, Юльяна Шаметавец, Антон Матолька, Крысціна "Чабор" з палка Каліноўскага. Быў разгромлены дом, дзе раней жыла сям'я Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Сілавікі разграмілі кватэру Наталлі Суславай, маці загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Паўла "Волата". Летам мінулага года яны наведалі кватэру журналіста і шоумена Дзяніса Дудзінскага.
Карныя структуры не могуць дабрацца да палітэмігрантаў у краінах ЕС, да добраахвотнікаў ва Украіне і ў бяссільнай злосці ламаюць, псуюць мэблю ў іх кватэрах ці кватэрах іх сваякоў. Да гэтага яшчэ дадаліся завочныя суды ў РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.