The Silicon: Мы як разынкі ў булцы
Удзельнікі гурта распавялі Еўрарадыё пра свой дэбютны альбом, далі параду арганізатарам “Джаз-Кактэбеля”, растлумачылі фішкі сёрф-музыкі.
А яшчэ яны збіраюцца аднойчы “разагрэць” Дзіка Дэйла.
Еўрарадыё: 28 лістапада вы прэзентуеце свой дэбютны альбом “Desert Storm”, які пазіцыянуеце як першы сёрф-рок-альбом у Беларусі. Няўжо да вас ніхто сур’ёзна не захапляўся гэтым стылем?
Mr. Moto: Ну чаму ж! Былі гурты, якія перыядычна карысталіся гукам гэтага стылю, ствараючы ў ім асобныя песні ці кампазіцыі. Гэта “Алгоритмы”, “Los Chicanos”, Лёня Паўлёнак са сваім праектам “Дажыві да ранку” нават запісалі некалькі песень. Аднак да нас у Беларусі ніхто не запісваў і не выдаваў паўнафарматны альбом у стылі сёрф-рок.
Еўрарадыё: Як узнік стыль сёрф?
Ігар Сухарукаў: Кірунак
узнік на пачатку 60-х гадоў у Амерыцы. Людзі збіраліся на пляжах і
гралі музыку, якая суправаджала спаборніцтвы па сёрфінгу, альбо нейкія
прэзентацыі і лаўнджавыя імпрэзы. То бок музыка выступала ў якасці фону.
Еўрарадыё: Якім чынам можна адрозніць сёрф-музыку ад таго ж рок-н-ролу, напрыклад?
Ігар Сухарукаў: Можна
казаць бясконца доўга, аднак скажам проста: фільмы Таранціна глядзелі
ўсе. Загалоўная кампазіцыя да “Крымінальнага чытва” і ёсць сёрф.
Зміцер Паплаўскі: Музыка
сёрф – гэта калі гітара гучыць з характэрным рэхам – гучным рэверам,
які называецца спружынным рэверам, і калі ідзе мелодыя трыолямі. Калі
ўключыць дрылю і начапіць на яе медыятар, будзе тое самае(смяецца).
Ігар Сухарукаў: Насамрэч, гэтай музыкі было сыграна вельмі шмат.
Еўрарадыё: Так, давайце назавем самых яскравых прадстаўнікоў сёрф-музыкі…
Ігар Сухарукаў: Дзік
Дэйл – кароль сёрфа, “Beach Boys” – поп-сёрф, амерыканцы “The
Ventures”, англічане “The Shadows”. Гэта тое, пра што ведаюць нашы
слухачы.
Mr. Moto: Насамрэч, пра
сёрф-музыку ўсе памятаюць, таму што ў 80-я гады ішла “Міжнародная
панарама”, а ў застаўцы да яе гучала кампазіцыя гурта “The Ventures”.
Характэрнае гучанне сёрфа было на слыху ў жыхароў СССР. У падсвядомасці
сёрф заўсёды быў! Увогуле, класічны сёрф – гэта інструментальная
музыка, аднак гурты кшталту “Beach Boys” сумяшчалі сёрф з вакалам.
Другая хваля папулярнасці стылю трапіла ў першыя стужкі Таранціна, які
выкарыстоўваў у сваіх саўндтрэках гаражную музыку і музыку ў стылі
сёрф.
Еўрарадыё: У наш час таксама
назіраецца вяртанне моды на музыку 60-70-х гадоў. Наколькі ўвогуле
запатрабаваны зараз сёрф як музычны стыль? Ці ёсць нейкія фэсты, на
якіх граюць выключна сёрф-музыку?
Зміцер Паплаўскі: У Беларусі такога няма, і, мабыць, не будзе яшчэ да той пары, пакуль не з’явіцца 10 такіх гуртоў, як The Silicon.
Вось ва Ўкраіне, у Кіеве ёсць фестываль “Украбілі”. Мінулым летам мы
там гралі. Ён арыентаваны больш на ракабільныя гурты, аднак там і сёрф
прысутнічае. Шкада, вядома, што на фэсце “Джаз-Кактэбель”, які штогод
адбываецца ля мора, пакуль не чуваць сёрф-музыкі. Хацелася, каб
арганізатары задумаліся пра тое, што на беразе мора павінна гучаць
гэтая музыка таксама!
Еўрарадыё: Гурту The Silicon 2 гады, а яго музыкам – за 30. Ці не складана пачынаць з “нуля”, і як гэта, прасоўваць гурт, калі ты – не амбіцыйны падлетак?
Зміцер Паплаўскі: Не,
не складана. Чым ты старэйшы, тым больш з’яўляецца адказнасці, хочацца
каб усё было прафесійна, прыгожа, каб засталося сапраўды ў сэрцах
людзей.
Еўрарадыё: А якая будучыня ў гурта The Silicon?
Зміцер Паплаўскі:
Мы паедзем у Каліфорнію, сыграем на разагрэве ў караля сёрф-гітары
Дзіка Дэйла на беразе Ціхага акіяна. А тады ўжо падумаем чым заняцца
далей.
Еўрарадыё: Дык трэба спяшацца. Дзік Дэйл – ужо дзядуля!
Зміцер Паплаўскі: Гэты
дзядуля яшчэ ўсіх нас перажыве! То бок, хацелася б у будучыні пайграць
з тымі людзьмі, якія разумеюць, што гэта такое і навошта гэта трэба. Мы
граем тут у Мінску ў некаторых клубах, і я заўважыў, што моладзь у
асноўным сядзіць і слухае, успрымае, для яе гэта нешта новае. А людзей
пад 40 пачынае кранаць. Бо сёрф – гэта не нейкія дзікунскія гітарныя
пасажы, а мелодыка, канкрэтная маленькая мелодыя, якая гучыць усю
кампазіцыю.
Еўрарадыё: Дарэчы, шмат хто можа вам пазайздросціць: амаль штотыдзень The Silicon грае канцэрты…
Зміцер Паплаўскі: Так,
у нас, дзякуючы некаторым асобам, шмат канцэртаў. Праўда, гэта не
заўсёды клубныя, а больш барныя выступы. Мы граем часта, мінімум раз на
тыдзень. Хацелася, каб так было заўсёды. Гэта добра для гурта. Не
сядзім у падвале.
Еўрарадыё: Давайце пра альбом…
Зміцер Паплаўскі: Альбом
вельмі харошы. Слухаецца на адным подыху: уключаеш, і не заўважаеш, як
пралятаюць гэтыя 43 хвіліны. У яго ўваходзяць рознабаковыя кампазіцыі,
якія ствараюць добры настрой, ёсць там яшчэ некалькі кавер-версій.
Mr. Moto: Альбом
складаецца з 13 кампазіцый, з іх 10 – аўтарскія, і 3 трэкі –каверы. Для
сёрф-музыкі характэрна пераіграванне вядомых мелодый для іх доўгага
жыцця, то бок запазычанне тэм даволі распаўсюджана. Напрыклад, гурты з
розных частак свету могуць выступаць на адным фестывалі і граць адны і
тыя ж кампазіцыі. Аднак гэтыя кампазіцыі маюць свае асаблівасці:
японскія гурты граюць па-свойму, амерыканскія па-свойму і г.д. Мы
вырашылі перайграць “Мізэрлоў” з “Крымінальнага чытва”, частку “Хава
Нагілы” і “Караван”, а таксама зрабілі кавер-версію песняроўскай “До
третьих петухов” з альбома 1978 года. Плануем альбом рэкламаваць, а за
адно і прапагандаваць музыку сёрф.
Еўрарадыё: Ці трапіць альбом у крамы?
Mr. Moto: Вельмі
складана з дыстрыб’юцыяй. Беларускія лэйблы асцярожна ставяцца да
інструментальнай музыкі, бо яе цяжка прасунуць. Выдаем мы пасцінку
сваімі сіламі, аднак плануем супрацоўнічаць з сеткай музычных крамаў
“Містэрыя гуку”.
Еўрарадыё: Збіраецеся штурмаваць фестывалі?
Зміцер Паплаўскі: Ну
вядома. На Be2gether дашлём матэрыял – такога там яшчэ не назіралася, у
Польшчу адправім, Германію. Можа дзе і пракаціць адзін з тысячы. Як
“Ласковый май” будзем разносіць па цягніках, каб круцілі ў дарозе (смяюцца). Музыка ненавязлівая, не напружване. Для дарогі – самае тое!
Еўрарадыё: Якім чынам будзе выглядаць ваша прэзентацыя?
Mr. Moto: Прэзентацыя
будзе ўрачыстай і вясёлай. Мы паспрабуем стварыць дух салёнага мора,
плануецца відэашэраг пра сёрфінгістаў – спартсменаў, якія займаюцца
гэтым мужным відам спорту – катаннем на дошках па хвалях. Будуць
прыгожыя гарачыя мексіканскія дзяўчаты, тэкіла…
Еўрарадыё: А вы будзеце выступаць у касцюмах сёрфінгістаў?
Ігар Сухарукаў: (усе смяюцца) Гэта будзе сюрпрыз.
Mr. Moto: Увогуле сюрпрыз цягам вечару чакаецца не адзін.
Еўрарадыё: Ці можа сёрф-музыка ўпісацца ў шэраг папулярных ў Беларусі музычных стыляў?
Mr. Moto: Зараз
папулярныя дзіўныя гурты з дзіўнымі стылямі: “Серебряная свадьба” са
сваім фрык-шоў, Drum Ecstasy з моцнай драм-н-басавай асновай. Мы ідзем
поруч з усім светам. Сёрф павінен быў з’явіцца ў Беларусі, і ён
з’явіўся!
Зміцер Паплаўскі: Стыляў і
гуртоў у нас насамрэч хапае. У нас проста мала сцэн. Хацелася б, каб
саміх сцэн было болей, каб было дзе паказваць сваё мастацтва. Таму і
даводзіцца туліцца па розных барчыках ды маленькіх клубах. Каб тут
стаць вядомым, людзям даводзіцца ехаць у тую ж Маскву, каб потым тут іх
запрашалі. Гэта не правільна. Хацелася б, каб людзі тут развіваліся, і
адсюль з’язджалі як вядомыя і нармальныя каманды.
Еўрарадыё: Наперадзе – час так званага навагодняга чосу. Ці маеце ўжо расклад сваіх “ёлак”?
Зміцер Паплаўскі: Мы
гурт малады, таму ў нас адбываецца ўсё спантанна. Пакуль няма
“абажацеляў” нашага таленту і мастацтва, якія “забіваюць” нас на тры
месяцы наперад. Пакуль што мы “на падхопе”. Другі склад, можна сказаць,
на лаўцы запасных сярод мэтраў кавер-бэндаў горада Мінска.
Еўрарадыё: The Silicon – гурт танцавальны…
Зміцер Паплаўскі: Так.
Наша клубная праграма складаецца з дзвюх частак: першая ўключае
інструментальныя творы, а ў другой мы спяваем і танцуем. Людзі
танцуюць, нават не тое, што танцуюць, бывае, што і на калені падаюць, і
пачынаюць рабіць ахвярапрынашэнні.
Еўрарадыё: Мільёны, аўтамабілі?
Зміцер Паплаўскі:
Мільёны не дораць, аднак п’яныя ўсмешкі, погляды і бутэльку гарэлкі
могуць паднесці. Вельмі прыемна граць, калі ўскоквае які-небудзь
саракагадовы дарослы мужчына і пачынае вар’яцець, спрабуючы перакрычаць
гук нашых гітар. Пачынаеш разумець, што музыка яго закранула, бо людзі,
як правіла, прыходзяць у такія месцы паесці, выпіць, пагаманіць. Ніхто
ж не прыходзіць туды адразу зрывацца з месца і ўгарэць. Відаць таксама,
як народ здзіўляецца. Усе прывыклі, што большасць кавер-бэндаў граюць
сусветныя хіты 60-70-х, нават узнікае ўражанне, што кавер-бэнды маюць
нейкі адзін каталог, адкуль выбіраюць песні для выступу А ад нас чуюць
таксама хіты, але такія, якія яны чулі, магчыма, аднойчы… У поўным
аб’ёме, у поўным фармаце ім прапануецца такая колькасць інфармацыі, што
людзі проста сядзяць і слухаюць. Падабаецца.
Еўрарадыё: То бок, інструментальная музыка пачынае руліць?
Mr. Moto: У
нейкім сэнсе, так. Яна зноў у модзе. Калі б яна была нецікавай, нас бы
не запрашалі зноў і зноў. Мне падаецца, хваля сёрф-музыкі зноў
ўздымаецца.
Ігар Сухарукаў: Я мяркую, што гэта выгоднае адрозненне нас ад іншых гуртоў.
Зміцер Паплаўскі: Так,
такіх гуртоў, як мы, вельмі мала.. Мы выдзяляемся на агульным фоне
сваім асаблівым рэпертуарам. Мы як… Не ведаю… Мы як разынкі ў булцы!