Сіноптыкі анансавалі аранжавы ўзровень небяспекі — то бок, гэта рэальна сур'ёзна
План на тыдзень — піць больш вады / pixabay
На наступным тыдні ў дзённыя гадзіны паветра ў Беларусі месцамі прагрэецца да +35°С, папярэджваюць у Гідраметцэнтры.
Сіноптыкі абвясцілі аранжавы, перадапошні ўзровень небяспекі. У перакладзе гэта значыць, што пагодныя ўмовы ўяўляюць рэальную небяспеку.
Ужо заўтра, 21 чэрвеня, на большай частцы тэрыторыі краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30 +33°С. У наступныя дні гарачае надвор'е захаваецца.
Эксперты САЗ да спякоты падрыхтаваліся і падзяляюцца рэкамендацыямі — як перажыць такое цёплае лета. У Еўрапейскім бюро САЗ запусцілі кампанію з хэштэгам #ТрымайГалавуУХолодзе.
Медыкі рэкамендуюць прыкласці ўсе сілы, каб зусім не з'яўляцца на вуліцы ў пікавыя тэмпературы. І тым больш — не займацца ў гэтыя дні справамі, для якіх патрэбная вялікая напруга фізічных сіл.
Дзве-тры гадзіны на дзень варта праводзіць у халаднаватым месцы, выконваючы пры гэтым меры абароны ад COVID-19. Важна захоўваць прахалоду ў хаце: зачыніць шторы і жалюзі, выключыць максімальна магчымую колькасць электрапрыбораў.
Дрэс-код: лёгкае і вольнае адзенне. План на дзень: піць больш вады і часцей прымаць халаднаватую ванну ці душ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.