Сіноптыкі: Надвор'е ў Беларусі сёння адпавядае канцу сакавіка
А прычынай гэтага сталі атлантычныя цыклоны, якія на поўначы перакрылі доступ халоднаму паветру на поўдзень еўрапейскага кантынента.
Ападкі ў аўторак, 18 лютага, прагназуюцца пераважна на поўначы нашай краіны. Там пройдуць мокры снег і дождж. Вецер заходні, 5-10 метраў за секунду, з парывамі да 14 метраў. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад 3 марозу да 2 градусаў вышэй за нуль, у дзённыя — 1-7 градусаў цяпла.
Сёлета надвор'е ў лютым у Беларусі адпавядае надвор'ю сакавіцкаму. Вось што распавяла Еўрарадыё галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук:
"Люты будзе больш цёплы, чым звычайна. І адліга захаваецца да канца месяца. Тэмпература ў Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, па тэмпературным рэжыме на 4-9 градусаў перавышае кліматычную норму. І адпавядае ўжо не лютаму, а канцу сакавіка".
Паводле слоў Парашчук, у бліжэйшы тыдзень уначы тэмпература паветра будзе трымацца каля 0, а ўдзень складзе 2-7 градусаў цяпла. Часам будуць ісці мокры снег і дождж.
Але зіма яшчэ сваю апошнюю кропку не паставіла і сакавік можа прынесці сюрпрызы, асцярожна папярэджваюць сіноптыкі.
Фота — AFP