Сірыі засталося пару дзён, каб прадставіць ЗША спіс сваёй зброі

16 верасня генсек ААН Пан Гі Мун прадставіў Савету бяспекі даклад па хімічнай зброі ў Сірыі. У дакуменце пацвярджаецца яе выкарыстоўванне, але вінаватыя “дыпламатычна” не называюцца. Пан Гі Мун кажа, што на гэты конт у “кожнага свае думкі”. Тым часам у Францыі, дзе ўжо даўно “ірвуцца ў бой”, пэўна, гэтыя думкі агучваюць.

“Няма сумневаў, што рэжым Асада адказны за хімічную атаку”, — заявіў французскі міністр замежных спраў Ларан Фабіус падчас сустрэчы з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. Але расійскі міністр з ім не згаджаецца.

Сяргей Лаўроў: “У дакладзе няма адказу на пытанне, дзе быў выраблены боепрыпас: на заводзе ці самаробным спосабам. Няма адказу і на іншыя пытанні. У нас ёсць найсур’ёзнейшыя падставы меркаваць, што гэта была правакацыя. І некаторыя нашы партнёры безапеляцыйна заявілі, што толькі рэжым мог выкарыстаць хімзброю, але ісціна мусіць быць устаноўлена”.

Раней паведамлялася, што 54% французаў падтрымліваюць умяшанне сілаў ААН у сірыйскі канфлікт. 40% з іх згодныя на ўдзел у аперацыі французскіх войскаў. А што ў ЗША, на якія ўвесь час аглядваюцца французскія ўлады, баючыся ўзяць на сябе адказнасць? 14 верасня амерыканскі дзяржсакратар абмеркаваў з Расіяй план вывазу хімзброі з Сірыі і яе знішчэння да 2014 года. Тады ж Дамаску быў дадзены тэрмін у адзін тыдзень, каб паведаміць аб аб’ектах з хімзброяй.

Яшчэ адна краіна, якая здольная на радыкальныя дзеянні, Вялікабрытанія, задумваецца над тым, каб адправіць для праверкі зброі ў Сірыю сваіх экспертаў. Пра гэта заявіў брытанскі міністр замежных спраў Уільям Хэйг:

“Мы адкрытыя для гэтага. Калі б мы былі ўпэўненыя ў бяспецы экспертаў, мы б іх адправілі”.

Цікава, што думаюць пра ўсё гэта ў Германіі. Раней амерыканцы падштурхоўвалі немцаў да больш актыўнай ролі ў “глабальных справах”, ад якой немцы, згодна з артыкулам Der Spiegel, наўмысна адмаўляюцца. Затое ў Германіі ладзяць адмысловую падрыхтоўку для валанцёраў, якія працуюць у Сірыі. Ім, напрыклад, тлумачаць, як сябе паводзіць падчас выкрадання баевікамі, піша Deutsche Welle.

Deutsche Welle: “Ёсць шэраг арганізацыяй і кампаній у Германіі, якія рыхтуюць тых, хто працуе ў агенцтвах ў замежных крызісных рэгіёнах. З гэтай мэтай урад Германіі адкрыў у 2004 годзе Акадэмію кіравання ў крызісных сітуацыях, планавання надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны”.

Сапраўды, пакуль палітыкі спрачаюцца, як вырашыць канфлікт, на перадавую, без аніякіх гарантый бяспекі выходзяць тыя ж валанцёры альбо лекары Чырвонага Крыжа. Апошнім часам яны ўсё часцей і часцей трапляюць пад адмысловы абстрэл снайпераў. З пачатку баявых дзеянняў было забіта каля 22 супрацоўнікаў Чырвонага Паўмесяца (частка Чырвонага Крыжа). Ваюючыя бакі дзейнічаюць паводле прынцыпу: хто дапамагае майму ворагу — той з’яўляецца маім ворагам. А эксперты кажуць, што напужаныя лекары наўрад ці змогуць аказваць неабходную дапамогу. Не застрахаваныя ў Сірыі і інспектары ААН: пасля апошніх дакладаў і заяваў, не заўсёды жорсткіх ў адносінах да рэжыму Асада, яны могуць стаць аднымі з галоўных мішэняў ісламістаў.

Фота: businessinsider.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі