Сівіцкі: Жорсткім разгонам улады правакуюць рост пратэстных настрояў

Сівіцкі: Жорсткім разгонам улады правакуюць рост пратэстных настрояў

Сілавікі рыхтаваліся да “Майдана”, і таму так жорстка рэагавалі на спробу людзей адсвяткаваць Дзень Волі. Прычына такой “памылкі” ― у неразуменні беларускімі ўладамі прыроды пратэстаў. Такое меркаванне ў каментарыі Еўрарадыё выказвае кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Сівіцкі: “У той жа час памылковая ацэнка прыроды пратэстаў звязаная з дэзінфармацыяй вышэйшага кіраўніцтва краіны часткай беларускіх спецслужбаў, якія арыентуюцца на Расію. Таму і былі агучаныя факты нібыта пра беларускіх баявікоў, падрыхтаваных на тэрыторыях Польшчы, Літвы і Украіны, падрыхтоўку заходнімі спецслужбамі каляровай рэвалюцыі ў Беларусі і гэтак далей. Але ўсё гэта грунтуецца на ацэнках расійскіх спецслужбаў ваенна-палітычнай сітуацыі вакол і ўнутры Беларусі”.

Эксперт не выключае і банальнай некампетэнтнасці з боку тых, хто рыхтаваў аналітычныя даклады кіраўніку краіны. Некампетэнтнасць гэтую Арсеній Сівіцкі бачыць не толькі ў неразуменні прыроды пратэстаў, але і ў няздольнасці пралічыць наступствы сваіх дзеянняў. Бо такой непрапарцыйна жорсткай рэакцыяй улады “толькі закручваюць спіраль канфрантацыі з грамадствам.

Тым не менш, суразмоўца Еўрарадыё не лічыць, што жорсткая рэакцыя уладаў на акцыі пратэстаў аўтаматычна прывядзе да аднаўлення санкцый з боку Захаду. Бо пасля крывавых падзей на кіеўскім Майдане, на Захадзе “змяніўся парог успрымання гвалту”.

“Але я не выключаю, што, гіпатэтычна, Захад можа ў будучым ўвесці персанальныя санкцыі супраць асобаў, якія адказныя за гэтыя рашэнні, асабліва ў выпадку паўтарэння такіх разгонаў. Але відавочна, што Захад не зацікаўлены губляць каналы камунікацыі з Беларусью”, ― кажа Сівіцкі.

Таму, падсумоўвае эксперт, калі санкцыі і будуць уведзеныя, пад іх не падпадзе вышэйшае кіраўніцтва краіны на чале з Александрам Лукашэнка, а толькі асобныя сілавікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі