Скасоўваць ільготы сабе дэпутаты не будуць

Еўрарадыё дазналася, што народныя абраннікі атрымліваюць грашовую дапамогу на аздараўленне ў памеры месячнага акладу. Але ж гэтая “дапамога” не лічыцца за льготы, таму і не будзе скасавана. У адрозненні ад усіх астатніх, якія ёсць у беларусаў.
У пачатку чэрвеня беларускім парламентам будзе разглядацца гучны законапраект аб адмене льгот. Ільготы застануцца толькі ў тых, каму яны сапраўды патрэбныя. Да таго ж яны будуць адраснымі.

Цікава, што па словах Сяргея Камянецкага – старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, паміж днём, калі адменяць ільготы, і днём, калі будзе прынята пастанова аб адраснай дапамозе, пройдзе як мінімум паўгода. Такім чынам, беларусы рызыкуюць застацца ўвогуле без ільгот на некалькі месяцаў.

Але ж Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці скасуюць народныя абраннікі свае льготы. Намеснік камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы Ірына Аляксанава адразу ж адказала, што дэпутаты льготамі не карыстаюцца:

“Ніякіх ільгот у дэпутатаў няма!”

Намеснік старшыні камісіі па жыллёвай палітыцы і гандлі Ганна Бурава паведаміла, што акрамя льгот у дэпутатаў няма і аніякіх дадатковых заробкаў, так званых “13-х”:

“Дэпутаты сябе ўжо вызвалілі ад ільгот. Атрымліваецца, што ў нас ільгот няма. Калі я працавала на заводзе , у нас быў 13-ы заробак. Калі ж я стала дэпутатам, тут такога заробку няма”.

Але ж сама дэпутат Бурава і расказала журналістам Еўрарадыё, што народным абраннікам выплочваюцца раз на год грошы ў памеры месячнага заробку:

“Ёсць дапамога да адпачынку ў памеры аклада”.

Грошы перад адпачынкам дэпутатам выдаюцца не проста так. Яны павінны ісці на выпраўленне здароўя народных выбраннікаў, якія не шкадуюць сябе, прымаючы законы. Нічога дзіўнага у гэтым не бачыць і дэпутат Сяргей Гайдукевіч:

“Так, гэта ёсць. Выдаюцца так званыя аздараўляльныя грошы. Ну якія ж гэта льготы? Я зыходзіў у адпачынак – дакладна атрымліваў”.

Ні дзяржава, ні самі дэпутаты гэты “аздараўляльныя” грошы не лічаць за льготы. Таму, калі ўсе беларусы сутыкнуцца з адменай ільгот, народныя абраннікі застануцца са сваімі фінансавымі прывілеямі.

Тым часам Міністэрства працы прыводзіць звесткі, што на кожнага беларуса прыпадае прыкладна 20 тысяч рублёў датацыйных грошай штогод. А стаўка дэпутата ў нашай краіне складае прыкладна 1 мільён рублёў. Сам жа месячны заробак з усімі надбаўкамі і прэміямі пераваліў за 2 мільёны.

Да таго ж “дапамога да адпачынку” гэта не адзіны бонус да заробку дэпутата. Напрыклад, па Законе “Аб дзяржаўнай службе” нават пасля паўгоду працы на пасадзе любы дзяржаўны чыноўнік атрымлівае надбаўку ў памеры 10% ад месячнага заробку. Калі працуеш на дзяржаву больш за тры гады – атрымлівай 15% дабаўкі.

Па звестках газеты “Звязда”, адрасная дапамога, якая заменіць ільготы, будзе выплочвацца толькі тым, чый месячны даход складае менш за 60% ад бюджэту пражытковага мінімуму. Атрымліваецца, каб атрымаць дапамогу ад дзяржавы, неабходна мець даход у месяц не больш за 102.000 рублёў на кожнага члена сям’і.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі