Следчы камітэт — пра Дабравольскага: "Паваліўся, не ўтрымаўшыся на нагах"
Следчы камітэт закончыў трохмесячную праверку і вырашыў не пачынаць крымінальную справу па факце збіцця журналіста tut.by Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёна 25 студзеня. Следчы Сямён Піцко пагадзіўся з версіяй міліцыянтаў. Па яго словах, як перадае tut.by, Дабравольскі сваімі дзеяннямі даў падставы лічыць сябе правапарушальнікам, таму ўжыванне сілы да яго было апраўданым.
Як паведамлялася раней, журналіст пайшоў у пакой, куды амапаўцы зацягнулі актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія пратэставалі на судзе над графіцістамі.
У высновах Следчага камітэта гаворыцца, што Дабравольскі прайшоў у службовае памяшканне, куды вялі затрыманых, а таксама, што ён быў "апрануты ў грамадзянскую вопратку", на якой не было ніякіх элементаў, якія пацвярджаюць яго прыналежнасць да СМІ. дарэчы, сам журналіст кажа, што паказаў міліцыянтам сваё журналісцкае пасведчанне.
У сваіх сведчаннях абодва актывісты і журналіст заявілі, што супрацоўнікі міліцыі беспадстаўна збілі іх.
Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што міліцыянты дзейнічалі правамерна, бо спынялі супрацьпраўныя дзеянні затрыманых. Адноўленая інфармацыя з мабільніка Дабравольскага (які вёў запіс у памяшканні, дзе яго збілі), як вырашылі ў СК, не мае звестак, важных для правядзення праверкі.
Супрацоўнік АМАПу А.Шышко паведаміў, што Дабравольскі схапіў іншага амапаўца Кавальчука за куртку, нецэнзурна лаяўся. Таксама ён заявіў, што Дабравольскі супраціўляўся дзеянням амапаўцаў і "ў нейкі з момантаў, не ўтрымаўшыся на нагах, зваліўся на падлогу ў пакоі для разбіральніцтва". Паводле слоў Шышко, затрыманых ніхто не прыніжаў і не збіваў.
Таксама Шышко заявіў, што Дабравольскі паспрабаваў падняцца, пры гэтым размахваў рукамі. Каб супакоіць журналіста, сам Шышко разам з П.Пунчыкам "прыціснулі яго да падлогі і завялі рукі за спіну. Лежачы на падлозе, Дабравольскі П.П. казаў, што ў супрацоўнікаў міліцыі будуць непрыемнасці па службе, што напіша артыкул у СМІ, які "наробіць шмат шуму".
Дарэчы, праз паўтара месяца пасля здарэння з Дабравольскім гэты ж супрацоўнік АМАПа Шышко быў сведкам на судзе Уладзіміра Мацкевіча і заяўляў, што бачыў філосафа на акцыі пратэсту, калі той насамрэч быў у Варшаве.
Усе міліцыянты адмаўляюць, што збівалі затрыманых.
Следчы камітэт прыйшоў да высновы: "Супрацоўнікі органаў унутраных спраў не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую ўжываннем у прадугледжаных заканадаўствам выпадках фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, калi нанесеная шкода сувымерная сіле пераадольванага процідзеяння".
Там жа сцвярджаецца, што Дабравольскі не рэгістраваўся як журналіст у будынку Фрунзенскага раённага суда. Сам карэспандэнт заяўляе, што яго зарэгістравала прэс-сакратар суда.