Следчыя назвалі асноўныя версіі здарэння са школьнікамі ў Рацічах
Следчыя назвалі дзве асноўныя версіі здарэння ў школе аграгарадка Рацічы Гродзенскага раёна. Прычым версію ўжывання атрутных рэчываў следчыя не разглядаюць. Пра гэта 2 сакавіка на прэс-канферэнцыі заявіў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Іосіф Лявонка.
Як паведамлялася раней, 11 лютага 42 вучні школы былі шпіталізаваныя з дыягнаўзам "атручанне няяснай этыялогіі". Па словах сведкаў, дзеці проста пачалі адзін за адным валіцца на падлогу. Праз пару дзён усе вучні былі выпісаныя з лякарні. А праваахоўныя органы пачалі крымінальную справу па факце службовай халатнасці.
Па адной з працоўных версіяў, дзецям стала дрэнна ад задухі ў памяшканні. Вучні сталі скардзіцца на дрэннае пачуванне падчас лінейкі, якая праходзіла на другім паверсе старога корпуса школы. Будынак не мае сістэмы прымусовай вентыляцыі. Па словах Лявонкі, якія перадае БЕЛТА, нават калі следчыя аглядалі памяшканне пасля праветрывання, тэмпература паветра там была каля 26 градусаў цяпла. "Можна толькі здагадвацца, якой была тэмпература падчас лінейкі. Праветрыванне класаў ажыццяўлялася толькі пры дапамозе адкрыцця вокнаў. Але калі вокны зачыненыя, высокая тэмпература і недахоп кіслароду маглі дацца ў знакі", — кажа прадстаўнік следчых.
Таксама ён паведамў, што падчас агляду на вокнах і прываконнях знутры і звонку былі выяўленыя сляды сажы. Па словах Лявонкі, Гэта сляды працы кацельні. "Неабходна таксама ўлічваць ўмовы надвор'я. Напрамак ветру — у бок школы, вільготнае надвор'е, мокры снег, туман — дым прыбівалі да зямлі. Так што прычыны трэба разглядаць у комплексе", — мяркуе спецыяліст.
Цяпер у рамках крымінальнай справы ідзе праверка працы кацельні. Перавышэння максімальна дапушчальнай канцэнтрацыі чаднага газу не выяўлена, хоць яго ўтрыманне ў паветры было вышэй за мінімальны парог.