Служба "Максім" пра страйк таксі ў Гомелі: яны спрабуюць супрацьстаяць прагрэсу
Служба "Максім" пракаментавала страўк таксоўцаў у Гомелі: "Максім" для іх не канкурэнт, а партнёр, які дапаможа развіваць бізнэс".
Як распавядала Еўрарадыё, страйк таксоўцаў у Гомелі адбыўся 22 красавіка. Кіроўцы службаў таксі 155 і 181 павольна ехалі па цэнтры горада, ускладняючы рух транспарту. Гэтак яны пратэставалі супраць дзейнасці службаў "Максім" і 7220, якіх лічаць канкурэнтамі.
"Справа ў тым, што фірмы таксі бачаць у нашым сэрвісе канкурэнта і лічаць, што не змогуць утрымаць сваю долю рынку. На самай справе гэта не так. "Максім" не канкурэнт, а партнёр, які дапамагае перавозчыкам працаваць у новых умовах, калі і людзям, і бізнэсу патрэбныя сучасныя тэхналагічныя рашэнні", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Служба "Максім" прапануе таксоўцам супрацу: "Фірмам, якія хочуць скараціць выдаткі на ўтрыманне ўласнай дыспетчарскай, "Максім" прапануе паслугі кантакт-цэнтра на ўмовах аўтсорсінгу. Калі трэба ўкараніць у бізнэс сучасныя тэхналогіі, сэрвіс падае праграмнае забеспячэнне: мабільныя праграмы для кіроўцаў і пасажыраў, праграмы для аператараў і для кіраўніка. Павысіць эфектыўнасць работы дапамагае Банк замоваў, у якім партнёрскія кампаніі могуць браць дадатковыя заказы, калі кіроўцы прастойваюць. Ці зарабляць на сваіх замовах, якія не могуць выканаць самастойна, прапаноўваючы іх іншым кампаніям за камісію. У Беларусі ў такіх фарматах з сэрвісам паспяхова працуюць дзясяткі кампаній".
У кампаніі "Максім" упэўненыя, што гомельскія таксоўцы "спрабуюць супрацьстаяць прагрэсу і самі пазбаўляюць свой таксапарк магчымасцяў для развіцця бізнэсу".
У службе падкрэсліваюць, што дзейнасць іх сэрвісу ў Беларусі абсалютна легальная.