СМІ: Італія не хоча бачыць амбасадарам Беларусі прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза
Італія не хоча зацвярджаць прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза амбасадарам у Рыме. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на італьянскае выданне Corriere della Sera.
Глаз раней ужо працаваў у амбасадзе ў Італіі, але цяпер яго кандыдатуру зацвярджаць не спяшаюцца. Італьянцы цягнуць з гэтай працэдурай ужо два месяцы.
"Даверчыя граматы ляжаць і ляжаць. Усе іх прачыталі, але ніхто не хоча браць іх у рукі. І напэўна ляжаць яны застануцца. У Квірынальскі палац прэзідэнту Матарэлу іх адпраўляць не спяшаюцца", — піша Corriere della Sera.
Італьянскае выданне прыводзіць шматлікія прыклады агрэсіўных і здзеклівых выказванняў Анатоля Глаза на адрас еўрапейскіх краін, а таксама палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. "З Беларусі без сораму", — так піша пра беларускага дыпламата італьянская газета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.