У Роўна невядомыя захапілі і расстралялі "Сашко Білага" (фота)
Аляксандр Музычка быў каардынатарам "Правага сектара" ў Заходняй Украіне.
Як паведамляюць украінскія СМІ, здарэнне адбылося ў Роўна, дзе жыў украінскі нацыяналіст. Два аўтамабілі падрэзалі яго машыну, невядомыя выцягнулі Музыку з салона і звезлі яго ў невядомым напрамку. Пазней яго выкінулі з машыны — рукі былі скаваныя кайданкамі, сэрца прастрэлілі двума стрэламі.
Ровенскія СМІ ўдакладняюць, што забойства адбылося апоўначы. У кавярню "Карасі" ўварвалася група невядомых са зброяй. Яны прыехалі на трох мікрааўтобусах. У кавярні раптоўна было выключана святло, нападнікі кінулі петарды ці святлошумавыя гранаты. Пасля гэтага яны вывелі з будынка 6 чалавек, сярод іх і "Сашко Білага". Рукі яму скавалі кайданкамі, збілі яго і дваіх ахоўнікаў. Неўзабаве за кавярняй Аляксандра Музычку расстралялі. Перад гэтым забойцы праверылі, ці няма на ім бронекамізэлькі. Іншых людзей адпусцілі.
Варта адзначыць, што калегі Музычкі з "Правага сектара" абвінавацілі ў забойстве не расійскія спецслужбы, а міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава.
Як вядома, "Сашко Білы" стаў зоркай інтэрнэту ў лютым сёлета — ён прыходзіў з аўтаматам на паседжанне прэзідыума абласной рады ў Роўна, збіваў пракурора, нібыта, абклаў "падаткам" праваахоўнікаў. У 1990-я Музычка ваяваў у Чачэніі супраць расійскіх вайскоўцаў. У сакавіку ў Расіі заявілі, што "Сашко Білы" забіў 20 палонных расійскіх вайскоўцаў. Супраць яго распачалі крымінальную справу, яго аб'явілі ў міжнародны вышук.