"Спала ў ваннай, але малявала": пад абстрэламі харкаўчанку ратавала творчасць
Работа харкаўскай мастачкі Зоі, напісаная ў часе вайны / фота з архіва мастачкі
Зоя Піліпенка — мастачка з Харкава. Там яна больш за 40 гадоў выкладала ў мастацкай вучэльні. На месяц яна з'ехала з Украіны, каб ажыццявіць мару свайго мірнага жыцця. Потым збіраецца вярнуцца ў Харкаў, нават калі канфлікт не скончыцца.
Як вайна становіцца руцінай, чаму Зоі шкада абодва бакі канфлікту і чаму праз месяц яна вернецца дадому, мастачка расказала Еўрарадыё.
"Я праехала Браціславу, Вену — нічога не хачу бачыць"
Суразмоўніца з'ехала з Харкава 8 красавіка, хоць рабіць гэтага не хацела.
— Дачка клікала да сябе ў Галандыю. Я сказала, што лепш загіну дома. Толькі дзве прычыны прымусілі б мяне з'ехаць. Першая — калі б мой дом быў цалкам разбураны. І другая — мара майго мірнага жыцця — круты выезд у арт-рэзідэнцыю для мастакоў.
І раптам Дачка піша, што ёсць магчымасць паехаць у арт-рэзідэнцыю Марата Гельмана [галерыст, калекцыянер. — Еўрарадыё] ў Чарнагорыі. Гэта вялікі гонар, — кажа Зоя.
Цяпер побач мора, але ні прырода вакол, ні новыя гарады суразмоўніцы не цікавыя. Думкамі яна ў Харкаве.
— Там з пачатку вайны да чацвёртага сакавіка я проста ляжала як труп, не магла бачыць усё гэта. Потым зразумела, што трэба вырывацца з гэтага жаху. Я гартала кнігу з іконамі, каб там знайсці і суцяшэнне. І наткнулася на абраз — сядзіць жанчына каля ног Хрыста. І ў яе такая роспач. Яна мне запала, і я яе па-свойму паўтарыла. Гэта была мая першая работа.
Каб неяк выратавацца ад таго, што адбываецца, Зоя завяла правіла: кожны дзень па адной рабоце, якую можна напісаць за пару гадзін.
У Харкаве праз пастаянныя бамбаванні не было ацяплення. У мінус 19 на вуліцы дома можна было ацяпліць абагравальнікам толькі ванны пакой, таму што ў кватэры вокны не зачыняліся. Калі пакінуць іх прачыненымі і прываліць біклажкамі з вадой, яны не вылецяць пры выбуху побач, тлумачыць Зоя.
— А ў ваннай можна было ацяпліць. Я спала там на падлозе, побач сабачка, Мушка, яна з'ехала са мной. І марскія свінкі. І ўвогуле нармальна было, але вушы абмарозіла. Але ўсё роўна малявала. Так, холадна і што?
З ежай я спачатку спалохалася, а потым пачалі гуманітарку падвозіць. Потым у нашай школе настаўнікі пачалі гатаваць абеды. Там у нас быў быццам клуб па інтарэсах. Раней я цуралася, напрыклад, размоў на вуліцы з незнаёмымі. А калі з усяго дома толькі чатыры жылыя кватэры, гэта стала ў радасць. Сустрэў кагосьці — як роднага. І, ура, можна хоць нейкі гук вымавіць.
Калі Зоя вырашыла з'ехаць, зрабіць гэта ўдалося вельмі хутка. У горадзе нават ездзяць таксі.
— Вось я ўзяла таксі. А на вакзале якраз праз пяць хвілін адыходзіць аўтобус.
Пасля месяца ў Чарнагорыі суразмоўніца плануе вярнуцца дадому, хоць не лічыць, што вайна скончыцца чымсьці добрым.
— Па-мойму, усе канцоўкі дрэнныя. Можа, наогул ядзерная вайна будзе. Калі і перамога, усё роўна ўсё так развалена, так змрочна. То-бок гэта не будзе вясёленькая перамога.
Але я вярнуся дадому. Нават няма іншых варыянтаў. Калі трэба будзе ісці проста пад мінамёты, то, можа, перачакаю трохі. Калі ўсё застанецца хоць бы так, як было, то адразу прыеду. Быць у іншым месцы проста не магу.
Зоя — чалавек, які вырас у Савецкім Саюзе. Яна лічыць, што калісьці ідэя пра сяброўства брацкіх народаў была не такая ўжо і дрэнная.
— У мяне абрынуўся ўвесь свет. Дагэтуль не магу паверыць, што такое можа быць. Яны [расійскія ўлады. — Еўрарадыё] ўсё гэта загубілі. Ужо ніколі ні сяброўства, ні сваяцтва. Для мяне гэта падвойная трагедыя. Можа быць, некаторым ва Украіне прасцей, яны адзін бок шкадуюць, і ўсё. А мне за абодва баліць. Як маглі такое разбурыць? Няма прабачэння, няма апраўдання.
Гэтыя пачуцці Зоя і плануе адлюстроўваць у сваёй творчасці.
— Я купіла вялікую бляшанку чорнай фарбы, чырвонай і охры. Уявіце, які гэта будзе жывапіс. Вазьму аблічча Маці Божай — і быццам яе разбамбілі на часткі, на кавалкі. Што было святое, суцэльнае сапраўды, мудрае, вялікае, яно разносіцца дашчэнту. Вось гэта хачу паказваць, — кажа на заканчэнне Зоя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.