Spiegel: лагер мігрантаў у Брузгах неўзабаве можа быць закрыты
Лагер мігрантаў у Брузгах у Беларусі каля мяжы з Польшчай неўзабаве можа быць закрыты (у ім ужо засталося менш за паўтары тысячы чалавек), піша нямецкі часопіс Spiegel. Некаторыя суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што беларускія сілавікі іх ставяць перад выбарам: штурм мяжы ці дэпартацыя з Беларусі. Пры гэтым такі ціск мігрантам тлумачаць адсутнасцю фінансавання з боку... Еўрасаюза. Раней пра тое, што сілавікі патрабуюць ад мігрантаў на мяжы цягам трох дзён прарвацца ў Польшчу, пісала "Новая газета".
Такія гісторыі нямецкія журналісты пачулі ад грамадзян Ірака і Сірыі, якія знаходзяцца ў Брузгах, а таксама ад курдаў, якія вярнуліся на радзіму. Курд, які вярнуўся з Беларусі ў Эрбіль, расказаў, што нядаўна была аблава на курдаў, якую праводзілі беларускія сілавікі. Іх забіралі са здымных кватэр, хапалі на вуліцах, а пасля звозілі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. У суботу гэтых людзей адправілі на радзіму.
Найбольш складаная сітуацыя ў сірыйцаў, якія не могуць вярнуцца ў Сірыю з палітычных прычын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.