Справа журналісткі "Белсата" ўжо ў пракуратуры, хутка будзе суд
Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш / Еўрарадыё
Суд па справе журналісткі "Белсата" Кацярыны Андрэевай можа пачацца ўжо ў найбліжэйшыя тыдні, паведаміў Радыё Свабода муж Андрэевай Ігар Ільяш. Матэрыялы па яе справе ўжо перададзеныя ў пракуратуру.
"Ведаю з ліста ад яе, што Каця ўжо чакае этапавання ў Мінск. Яна піша, што чакае суда, але не робіць ніякіх прагнозаў наконт яго вынікаў", — сказаў Ільяш.
Дата суда пакуль не прызначаная, але Ільяш мяркуе, што ў суд справу могуць перадаць ужо ў сярэдзіне студзеня. Ён звяртае ўвагу на неверагодную хуткасць расследавання справы журналістаў "Белсата". Кацярыну Андрэеву і аператара тэлеканала Дар'ю Чульцову затрымалі 15 лістапада, а ўжо 20-га ім выставілі абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Са слоў Ільяша, у яго ёсць два тлумачэнні такой хуткасці: альбо ўлада рыхтуе вельмі жорсткі прысуд, каб запалохаць журналістаў, альбо, наадварот, хоча хутчэй закрыць справу: "намаляваць" мяккі прысуд, штраф, умоўны тэрмін або хатні арышт, каб знікла хваля салідарнасці".
Між тым па-ранейшаму няма інфармацыі пра ход следства па справе журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч. Яна знаходзіцца ў зняволенні ўжо 52 дні. Яна з'яўляецца фігурантам справы "аб разгалошванні медыцынскай таямніцы". Разам з ёй па гэтай справе праходзіць лекар бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцём Сарокін, ён таксама затрыманы. Абодва аказаліся ў зняволенні пасля публікацыі, у якой гаварылася, што Раман Бандарэнка, які памёр у бальніцы пасля затрымання на "Плошчы Перамен", быў цвярозы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.