Стала празрыстай, але трымаецца цвёрда — адвакат аб стане Марфы Рабковай

Марфа Рабкова / spring96.org
Марфа Рабкова / spring96.org

Адвакат Наталля Мацкевіч сустрэлася з праваабаронцай Марфай Рабковай, якая з верасня 2020 года знаходзіцца ў зняволенні.

"Яна стала тонкай, празрыстай, але цвёрда трымаецца",падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы адвакат.

Рабкова казала пра прачытанае нядаўна сцвярджэнне аб тым, што "не людзі выбіраюць часы, у якіх жыць, а часы выбіраюць людзей". І як працяг гэтай думкі яна сказала адвакату: "калі час выбраў нас, мы павінны справіцца".

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская, якая ў красавіку апынулася ў адной камеры ў мінскім СІЗА №1 з Марфай Рабковай, казала, што дзяўчына за 8 месяцаў зняволення схуднела на 12 кілаграмаў. У канцы чэрвеня Марфы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Марфа Рабкова — каардынатар валанцёрскай службы пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна". Яе затрымалі ў мінулым верасні. З тых часоў яна знаходзіцца ў зняволенні. Па дадзеных праваабаронцаў, яе абвінавачваюць па трох артыкулах КК: у фінансаванні і навучанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК), распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады (ч. 3 арт. 130 КК) і ўдзел у злачыннай арганізацыі (ч. 2 арт. 285 КК). Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі яе палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі