Стала вядома, колькі даных аб беларусах выдалілі з інтэрнэту за мінулы год
Беларусь чысціць інтэрнэт ад незаконна злітых даных / pixabay.com
За 2022 год з інтэрнэту было выдалена больш за 1,5 мільёна незаконна злітых унікальных запісаў пра беларусаў. Такую лічбу ў эфіры АНТ назваў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных дадзеных (НЦАПД) Андрэй Гаеў.
"Чаму кажу "ўнікальных"? Таму што шэраг масіваў даводзілася выдаляць шматкроць. Былі сітуацыі, калі адны і тыя ж базы, масівы інфармацыі выкладваліся больш за два дзясяткі разоў. Прычым, на розных рэсурсах гэта робіцца. З аднаго ўдаецца выдаліць гэтую інфармацыю, яна з'яўляецца на іншым, мы яе адсочваем, ізноў гэта адбываецца", — распавёў Гаеў.
Па яго словах, з цягам часу каштоўнасць такой інфармацыі зніжаецца, цікавасць да яе праз некалькі месяцаў змяншаецца.
Спецыяліст падкрэсліў, што выдаліць з інтэрнэту можна не ўсё. Адна з прычынаў — размяшчэнне гэтых звестак на замежных сайтах. Уласнікі рэсурсаў, па словах Гаева, могуць адмаўляцца выдаляць такія базы даных.
"Трэба сапраўды разумець, што ўсё, што трапіла ў лічбавае асяроддзе, яно там назаўсёды", — канстатаваў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.