Стала вядома, куды зніклі 5 мільёнаў з выбарчага фонду Гайдукевіча

26 жніўня на сайце ЦВК з'явіліся свежыя дадзеныя аб грашовых сродках, пералічаных у выбарчыя фонды прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Фондаў па-ранейшаму шэсць (з улікам Сяргея Калякіна, які подпісы не здаваў, і Жанны Раманоўскай, якая здала іх вельмі мала), Аляксандр Лукашэнка фонду не стварыў.

Еўрарадыё звярнула ўвагу на тое, што 19 жніўня ў выбарчым фондзе Сяргея Гайдукевіча было 12 млн 600 тысяч рублёў, а 26 жніўня — 7 млн 200 тысяч рублёў. І гэта пры тым, што прэтэндэнт не выкарыстаў ніводнага рубля. Дык куды зніклі больш за 5 мільёнаў Гайдукевіча? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася ў бухгалтэрыю Цэнтрвыбаркама. Там патлумачылі, што індывідуальная прадпрымальніца пералічыла ў фонд Сяргея Гайдукевіча 9 млн рублёў, хаця, як фізічная асоба, не мела на гэта права (такую суму можа пералічыць толькі юрыдычная асоба). У ЦВК, пасля атрымання дакументаў з банка, разабраліся ў сітуацыі і частку грошай вярнулі.

ЦВК: "Можна было толькі 20 базавых пералічыць, гэта 3 млн 600 тысяч. Яна пералічыла 9 млн. Таму 5 млн 400 тысяч з рахунка Гайдукевіча вярнуліся ёй назад. Таму ў яго паступленні [у фонд] засталіся 7 млн 200 тысяч".

Адзначым таксама, што найбольш сродкаў у фонд атрымаў Сяргей Калякін — 13 млн 630 тысяч рублёў. Усе гэтыя грошы ён выкарыстаў. Аднак кандыдатам у прэзідэнты Калякін ужо не стане.

Фота: sk.gov.by, rec.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі