Стала вядома, як у Беларусі раскрадаюцца грошы на "меліярацыі"
Цяжка нават уявіць маштабы раскрадання "дзяржпадтрымкі" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Стала вядома, як у Беларусі раскрадаюцца грошы на "меліярацыі". У некаторых раёнах Магілёўшчыны яе праводзілі выключна на паперы. Як паведамляе прэс-служба МУС, "нямэтавае выкарыстанне сродкаў, выдзеленых для правядзення меліярацыйных работ на землях сельскагаспадарчага прызначэння" выявілі падчас праверкі. Высветлілася, што ў 2022-м годзе кіруючая кампанія аднаго з холдынгаў атрымала на гэтыя мэты з дзяржбюджэту больш за 6,5 млн рублёў (больш за 2 млн долараў). Па выніках года кіраўнікі раённых падраздзяленняў паведамілі пра "паспяховую рэалізацыю". Але пры гэтым некаторыя з іх нават не пачыналі меліярацыю! Іншыя ж выканалі працы часткова і неякасна.
Распачата 8 крымінальных спраў. Кіраўнікам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Шкода ацэненая на агульную суму звыш 430 тысяч рублёў. І гэта толькі ў адной вобласці! Прыклад "меліярацыі" на Магілёўшчыне яскрава паказвае стан спраў у сельскай гаспадарцы РБ і "эфектыўнае гаспадаранне". Цяжка нават уявіць маштабы раскрадання "дзяржпадтрымкі".
Праблемы ў сельскай гаспадарцы па-ранейшаму не вырашаюцца. Летась Аляксандр Лукашэнка казаў, што ў Гомельскай вобласці там "бардак, хранічныя прыпіскі і крадзеж", вырасла колькасць злачынстваў. Сёлета пачаліся паказальныя суды над кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. У рэгіёне спрабавалі вызначыць "вектар далейшага развіцця сельскай гаспадаркі".
Маштабныя праверкі сельскай гаспадаркі не праводзяцца, а выбарачныя выяўляюць проста катастрафічны стан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.