Сталі вядомыя аргументы суда, які вырашыў экстрадыраваць Андрэя Гнёта ў Беларусь
Андрэй Гнёт
Андрэй Гнёт не сутыкаўся з негатыўнымі наступствамі ад сваёй палітычнай дзейнасці, а праблемы ўзніклі ў ягоных сяброў. Таму "яго меркаванне наконт таго, што ён у будучыні зазнае пераслед у Беларусі ў выпадку яго экстрадыцыі, грунтуецца толькі на гіпотэзе, якая не падмацаваная ніякім асабістым досведам згаданай вышэй асобы ў мінулым". Так суд у Сербіі абгрунтаваў сваё рашэнне выслаць палітуцекача ў Беларусь.
Як распавядала Еўрарадыё, адпаведнае рашэнне суд прыняў 13 чэрвеня. У Гнёта і яго адвакатаў ёсць тры дні, каб падаць апеляцыю на гэтае рашэнне.
Рэжым Лукашэнкі абвясціў палітуцекача ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпала. Яго абвінавацілі ў эканамічным злачынстве — нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Пасля затрымання беларус правёў сем месяцаў у сербскай турме, а потым быў выпушчаны пад хатні арышт.
Рэжысёр Андрэй Гнёт — адзін са стваральнікаў Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY. Як і шмат хто з беларусаў, ён паспеў выехаць з краіны да таго, як на яго пачалі крымінальную справу. Для сербскага правасуддзя гэта азначае, што пераслед Гнёта ў Беларусі — гэта толькі "гіпотэза".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.