Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці"

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый назвала лаўрэатаў шостай прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці". Ёй уганароўваюцца выбітныя асобы, арганізацыі, а таксама адзначаюцца падзеі, якія былі знакавымі для развіцця трэцяга сектара Беларусі ў мінулым годзе. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ўвечары 13 студзеня ў Мінску.

Як паведамляе БелаПАН, званнем "Грамадскі лідар года" ўганараваны некалькі дзясяткаў вядучых шматлікіх моўных курсаў, якія стала працавалі альбо з`явіліся летась. У намінацыі "Кампанія года" перамагла каманда "Арт Сядзібы" за грамадскую кампанію "Пазнач сябе беларусам", якая стартавала 6 снежня мінулага года. Падчас першай акцыі гэтай кампаніі каля сотні валанцёраў раздалі ў Мінску 5 км стужкі з нацыянальным арнаментам.

Пераможцам у намінацыі "Новая ініцыятыва" стала грамадская ініцыятыва "Эксперты ў абарону Курапатаў", у якую ўваходзяць археолагі, архітэктары, інжынеры, юрысты, культуролагі, журналісты. Летась сябры ініцыятывы ў судовым парадку актыўна займаліся юрыдычнай абаронай ахоўных межаў месца расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты ад незаконнага скарачэння і забудовы.

Найбольш адметнай рэгіянальнай падзеяй мінулага года, па версіі Асамблеі НДА, стала адзначэнне ў кастрычніку мінулага года ў Свіслачы 20-га Дня памяці ўдзельнікаў паўстання 1863 года.

Небывалая акцыя салідарнасці беларускіх футбольных заўзятараў на матчы паміж Беларуссю і Украінай 9 кастрычніка на "Барысаў-Арэне", якая скончылася затрыманнем фанатаў, атрымала ганаровае званне "Крэатыву года".

Узнагароду "Гарбуз года", якая ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў, сёлета атрымалі ўпраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска, якія спрычыніліся да анулявання віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай.

Журналіст газеты "Новы час" Марат Гаравы стаў лепшым у намінацыі "Журналіст ці медыя года" за "найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці ў СМІ".

Найлепшым сайтам НДА, па версіі арганізатараў прэміі, сёлета стаў інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў nastaunik.info.

Фота: belngo.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі