Сталі вядомыя падрабязнасці суда над Нінай Багінскай
Сталі вядомыя падрабязнасці суда над Нінай Багінскай, які прайшоў у пятніцу. У дачыненні да вядомай актывісткі былі накладзеныя пэўныя абмежаванні, паколькі яна не аплаціла 1600 рублёў штрафу, прызначанага ў красавіку сёлета (Багінская выходзіла з бел-чырвона-белым сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі). Цяпер Ніна Багінская не зможа паляваць, кіраваць аўтамабілем і маламернымі судамі. Да таго ж аператарам сувязі забаронена прадастаўляць ёй паслугі інтэрнета, мабільнай сувязі і тэлебачання, пішуць праваабаронцы.
Справу разглядаў суд Першамайскага раёна Мінска.
Багінская ўдзельнічае ў апазіцыйным руху яшчэ з часоў СССР. За гэтыя дзесяцігоддзі яе дзясяткі разоў затрымлівалі. У кастрычніку 2020-га Аляксандр Лукашэнка назваў Ніну Багінскую перакананым чалавекам і загадаў "не забіраць яе з плошчаў". Але яе ўсё роўна затрымлівалі сілавікі.
Багінская — адзін з сімвалаў беларускіх пратэстаў. Яна — прыклад нязломнасці і непахіснасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.