"Стандартны набор агрэсара" — у офісе Зяленскага пракаментавалі заяву Пуціна
Уладзімір Пуцін
"Стандартны набор агрэсара", — так дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў "мірную прапанову" Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнік Расіі 14 чэрвеня прапанаваў закончыць вайну на наступных умовах: Украіна выводзіць войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, адмаўляецца ад уступлення ў NATO, а з Расіі здымаюць усе міжнародныя санкцыі.
"Змест цалкам канкрэтны, вельмі абразлівы для міжнароднага права і абсалютна красамоўна сведчыць пра няздольнасць цяперашняга расійскага кіраўніцтва адэкватна ацэньваць рэаліі", — напісаў Падаляк у сваім блогу ў сацсетцы X.
Паводле яго, фактычна прапанова Масквы выглядае так:
— аддайце свае тэрыторыі;
— адмоўцеся ад суверэнітэту і суб'ектнасці;
— пакіньце сябе безабароннымі, адмовіўшыся ад уступленняў у саюзы;
— неадкладна адмяніце ўсе санкцыі, каб Расія магла напаўняць сваю мілітарызаваную эканоміку і больш інвеставаць у інфармацыйныя правакацыі па ўсім свеце;
— тэрмінова выпраўце нашу неплацежаздольнасць за кошт Украіны.
Як кажа Падаляк, гэты план сведчыць не пра жаданне скончыць вайну, а пра жаданне не плаціць за яе і працягваць яе ў новых фарматах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.