Старшыня БХК: Сёлетняя справаздача АБСЕ не будзе адрознівацца ад ранейшых
Назіральнікі ад АБСЕ не “выкажуць вялікага захаплення” ад прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў сваёй выніковай справаздачы, якая не будзе адрознівацца ад ранейшых. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў кіраўнік Беларускага хельсінскага камітэта, праваабаронца Алег Гулак. Ён мяркуе, што першая прамежкавая справаздача была вельмі вывераная і карэктная. Там было мінімум палітычных ацэнак.
“Што будзе ў выніковай? Можна толькі гадаць, але я не бачу, чаму АБСЕ мусіць змяніць падыход. Думаю, яна будзе тэхнічнай, яна не будзе палітычнай. Яны не будуць рабіць высновы пра дэмакратычнасць, ці недэмакратычнасць, тым больш казаць пра прызнанне-непрызнанне — гэта не іх функцыя. А рэкамендацыі там будуць вельмі канкрэтныя і адэкватныя”, — кажа праваабаронца.
Ён таксама звяртае ўвагу, што для назіральнікаў АБСЕ важным момантам стане працэдура падліку галасоў. Важна таксама, чым скончацца паслявыбарчыя падзеі. Калі ўсё будзе спакойна, гэта хутчэй будзе ўплываць не на саму справаздачу АБСЕ, а на палітычныя высновы, якія будуць рабіцца потым рознага кшталту міжнароднымі арганізацыямі і канкрэтнымі краінамі.
Алег Гулак звяртае ўвагу, што палітычныя стасункі выбудоўваюцца не толькі выключна на выбарчых працэдурах, але і на іншых фактарах, якія важныя для сённяшняга рэгіянальнага існавання. Гэта і фактар бяспекі, і фактар Украіны, і фактар Расіі, і фактар таго, з якой рыторыкай будзе падыходзіць да гэтага беларускае кіраўніцтва.
“Я не думаю, што будзе стаяць чарга з віншаваннямі, але калі ўлады захаваюць спакойны падыход, то палітычны прагрэс будзе відавочны. Як яно будзе далей развівацца, гэта іншае пытанне. Але па настроях еўрапейцаў, мяркую, што беларускія ўлады могуць разлічваць на пацяпленне”, — падсумоўвае праваабаронца.
Фота: Радыё Свабода