Старшыня гаспадаркі, дзе загінула 8-класніца: “Я не ведаю, што яна там рабіла”
Старшыня гаспадаркі “Усход-агра” Аляксандр Жыгарэнка заяўляе, што не ведаў аб прыездзе дзяцей на “бульбу”. Гэта вынікае з яго адказу на судзе, які разглядае пазоў бацькоў с просьбай усталяваць факт працоўных адносінаў паміж іх дачкой і гаспадаркай, дзе загінула васьмікласніца.
На думку старшыні гаспадаркі, вядро бульбы, якое мусілі даць Вікторыі Папчэні, не сведчыць пра аплату працы.
Таксама ён заявіў, што да працы дапускалі ўсіх, хто прыязджаў на поле гаспадаркі.
Як паведамлялася раней, 29 верасня падчас уборкі бульбы ў Маладзечанскім раёне загінула 13-гадовая школьніца Вікторыя Папчэня: дзяўчынка трапіла на полі пад МАЗ.
У судзе Маладзечанскага раёна праходзіць судовы працэс, на якім бацькі дзяўчынкі дамагаюцца, каб здарэнне прызналі няшчасным выпадкам на вытворчасці. Вынесці такое рашэнне можа толькі суд, бо паводле беларускіх законаў працоўныя адносіны пачынаюцца толькі з 14 гадоў.
Бацькі загінулай настойваюць на тым, што яе ўзялі на працу і паабяцалі за дзень працы заплаціць вядро бульбы. Юрыдычную дапамогу бацькам ажыццяўляе незалежны прафсаюз РЭП.