Стэфановіч: Рэпрэсіі будуць, і яны будуць вельмі жорсткімі

Да праваабаронцаў пачалі звяртацца асуджаныя за мітынг 19 снежня, якія пасля выхаду на волю страцілі працу або якіх адлічылі з універсітэта.
"Адзін хлопец званіў — выключаюць з каледжа. Званіў доктар, якога звальняюць з 5-й бальніцы. Ён працуе там першы год па размеркаванні. Сітуацыя такая, што калі яго звольняць за прагул, то ён будзе вымушаны выплаціць грошы за адукацыю, згодна з пастановай Саўміна", — распавёў Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Заплаціць маладому доктару ў выпадку звальнення па артыкуле давядзецца за 6 год адукацыі. А гэта каля 10 тысяч долараў, адзначае праваабаронца.

На яго думку, арышт не з'яўляецца прагулам. Згодныя са Стэфановічам і аўтары афіцыйных каментароў да Працоўнага кодэкса. Але суды ўсё ж маюць свой пункт гледжання.

Валянцін Стэфановіч: "У нас склалася судовая практыка. У 2006 годзе звольнілі чалавека з банка за прагул. Ён адбываў арышт 15 сутак. Мы пачалі абскарджваць у судовым парадку, матывуючы тым, што гэта не з'яўляецца прагулам, а паважнай прычынай адсутнасці на працы. Прагул паводле працоўнага заканадаўства мае прамы намер. Ёсць афіцыйны каментар да Працоўнага кодэкса. Там адзін з аўтараў пісаў, што прагулам не лічыцца адміністрацыйны арышт. Мы казалі пра гэта на судзе, але суд раённы, гарадскі і Вярхоўны палічылі, што арышт з'яўляецца прагулам".

Прагул — гэта наўмысны пропуск працы. Атрымоўваецца, што чалавек пайшоў на мітынг адмыслова, каб яго арыштавалі, каб такім чынам прагуляць працу?

У той жа час студэнтаў могуць адлічыць не толькі за прагул заняткаў і няздачу залікаў, але і за сам арышт, працягвае Валянцін Стэфановіч.

"У большасці статутах і правілах унутранага распарадку ВНУ, якія зацверджаныя рэктаратамі, напісана, што падставай для адлічэння з'яўляецца здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння".

Паводле словаў праваабаронцы, становяцца вядомыя новыя факты звальненняў і выключэнняў удзельнікаў мітынгу 19 снежня. На думку Валянціна Стэфановіча, рэпрэсіі будуць працягвацца, і яны будуць вельмі жорсткімі.

"Яшчэ была інфармацыя, што на Трактарным заводзе ў аддзеле кадраў запатрабавалі інфармацыю пра тых, хто не выйшаў на працу ў панядзелак 20 снежня. Таксама гісторыя з адвакатам з Гродна. Яна адсядзела 10 сутак, яе сын — 15. Зараз яе пазбавілі ліцэнзіі. Так што пачынаецца хваля рэпрэсій ужо пасля арыштаў".

Нагадаем, што падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня былі арыштаваныя больш за 600 чалавек, але па сённяшні дзень афіцыйна ні МУС, ні СІЗА, ні суды не назвалі дакладную колькасць затрыманых і арыштаваных, не было і ніякага афіцыйнага спісу.



Фота: belapan.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі