Стоўбцы: лякарня перапоўненая, там і намстаршыні выканкама, і санітарны доктар
За лёс жыхароў Стоўбцаў трывожыцца ўся Беларусь / vk.com/stolbtsy
— Так, усё дакладна. Сітуацыя ў нас у Стоўбцах цяжкая. І так, амаль усе аддзяленні ў нас у шпіталі перакваліфікавалі, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца Стаўбцоўскай раённай лякарні. Шпіталь перапоўнены, нават аддзяленне педыятрыі зараз займаецца хворымі на COVID-19. З 21 красавіка лякарня прыпыніла правядзенне медкамісіі для кіроўцаў і працу дзённага стацыянара.
Апошнім часам пацыенты паміраюць у Стаўбцоўскай ЦРБ ад пнеўманіі кожныя суткі. Паводле інфармацыі радыё "Свабода", пазамінулай ноччу было пяць смерцяў, а яшчэ адзін жыхар Стоўбцаў сканаў у лякарні ў Слуцку.
Інфекцыя зачапіла Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, ёсць пацверджаныя выпадкі COVID-19 у ДАІ. Хвароба дабралася і да Стаўбцоўскага райвыканкама — шпіталізаваная намеснік старшыні Жанна Лысая. Мы паспрабавалі ўзяць камэнтар у аддзеле ідэалагічнай працы райвыканкама:
— Усе каментары праз Міністэрства аховы здароўя ці санэпідстанцыю. Я начальнік свайго аддзела, у мяне ў аддзеле усё нармальна. Усяго добрага, не хварэйце, — адказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы Дзмітрый Слясарчык.
Пасля таго, як Жанна Лысая была шпіталізаваная, у будынку райвыканкама санэпідэмстанцыя правяла дэзапрацоўку. Мы паспрабавалі звязацца з галоўным санітарным урачом Стаўбцоўскага раёна Ірынай Пятровіч, аднак яна таксама апынулася на бальнічным.
— У плане апрацоўкі выканкама — усё, што трэба было, мы адпрацавалі. У выканкаме тыя, хто не на бальнічным, усе працуюць. Сітуацыя ў Стаўбцоўскім раёне на сённяшні дзень стабільная і кантралюемая. Мы працуем, не сядзім, — распавядае памочнік доктара-эпідэміёлага Дар'я Макатун.
Дапамогу Стаўбцоўскай ЦРБ аказваюць валанцёры з кампаніі #BYCOVID19 і ТАА "Моцны рэсурс". Дзякуючы крауд-платформе MolaMola дактарам адпраўленыя 2300 аднаразовых масак, 150 рэспіратараў "Аліна-210" са ступенню абароны ffp2, 20 літраў дэзінфектара, 40 слоікаў дэзінфекуючага сродку сродкаў па 0,5 літра, а таксама вада і ежа.
Стоўбцы — не першы беларускі райцэнтр, дзе гэтай вясной адбываецца ўспышка пнеўманій. Афіцыйна звязаць яе з каранавірусам пакуль немагчыма — пацыенты расказваюць журналістам, што дамагчыся, каб ім зрабілі аналіз на COVID-19, вельмі складана.
На 23 красавіка ў Беларусі пацверджана 8022 выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Гэта ўжо больш, чым выяўлена ва Украіне і ў Чэхіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.