Студэнт Касавараў, які ноч правёў на Акрэсціна, чакае суда

Студэнт Касавараў, які ноч правёў на Акрэсціна, чакае суда

У судзе Маскоўскага раёна Мінска судзяць студэнта-трэцякурсніка Гомельскага ўніверсітэта Арцёма Касаварава

Яго затрымалі напярэдадні, 22 сакавіка. Арцём разам з паплечнікамі па "Моладзі БНФ" раздаваў у Мінску запрашэнні на дазволенае ўладамі святкаванне Дня Волі. Яно пройдзе 25 сакавіка каля Опернага тэатра. 

На вуліцы Гарадскі Вал хлопцы захацелі сфатаграфавацца са скульптурай гарадавога. Пасля гэтага да іх падышоў нарад міліцыі і затрымаў дваіх. Аднаго з затрыманых, непаўналетняга, праз нейкі час аддалі бацькам, а Касарава на ноч павезлі на Акрэсціна. 

Арцём распавядае, што даведаўся пра артыкул, па якім яго абвінавачваюць, толькі на ў ІЧУ на Акрэсціна, калі прачытаў пратакол. Увогуле і ў Маскоўскім РАУСе, і пры затрыманні праваахоўнікі казалі яму, што затрымалі "за фота". Цяпер Арцёма вінавацяць у парушэнні правілаў правядзення вулічнага мерапрыемства (артыкул 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу). 

"На Акрэсціна не мог заснуць. У гадзіну ночы нас з яшчэ аднім хлопцам разбудзілі і сказалі перасяліцца ў іншую камеру, дзе было чатыры чалавекі. Я ўжо суткі нічога не еў, цяпер не дазваляюць браць нічога, што прапанавалі сябры", — распавядае Касавараў у гутарцы з Еўрарадыё.

Падтрымаць яго прыйшлі актывісты "Моладзі БНФ". Сам Арцём прыехаў у Мінск з Гомеля, каб падаць дакументы на візу. Раздаваць улёткі ён пагадзіўся за кампанію. Цяпер хлопец хвалюецца за родных, бо сказаў ім, што хутка вернецца. Пра тое, што адбылося з хлопцам, ведае толькі яго бацька — яму патэлефанавалі з Партыі БНФ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі