Студэнты БНТУ: Прыйшлі галасаваць датэрмінова, бо абяцалі выходныя (фота)
6 верасня а 10-ай гадзіне ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. За дзень да яго студэнты розных ВНУ пачалі паведамляць аб закліках адміністрацыі прагаласаваць датэрмінова. У некаторых групах з'явіліся скрыншоты з такімі тэкстамі.
На асабістай старонцы Паліны Кохан у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" пазначана, што яна з'яўляецца студэнткай БНТУ, нарадзілася ў Салігорску.
Каб праверыць сапраўднасць заклікаў і пагроз, Еўрарадыё ад раніцы 6 верасня дзяжурыла на згаданым участку ў Цэнтры грэка-рымскай барацьбы. Жадаючых прагаласаваць студэнтаў там насамрэч назбіралася вельмі шмат, ім нават прыйшлося чакаць у чэргах у калідорах перад участкам і на ўваходзе ў будынак. Запускам студэнтаў на участак для галасавання кіруюць члены камісіі і вахцёры будынка.
"Мы прыйшлі галасаваць датэрмінова, бо нам абяцалі даць чатыры выходныя дні. Не хочацца заставацца ў горадзе, калі ёсць такая магчымасць паехаць дадому. Ніхто не прымушаў галасаваць, усё добраахвотна. Нас ніхто не арганізоўваў", ― гавораць студэнты, якія стаяць у чарзе.