Стваральнік “Белага легіёна”: Мы проста дэградавалі і зніклі. Вось і ўсё
Па справе “Белага легіёна” распачынаецца новая крымінальная справа, сцвярджаецца ў артыкуле “СБ” за 11 красавіка. Артыкул 287 КК — “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам. Адзначаецца, што “следства высвятляе факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем”. Стваралася гэтая арганізацыя нібыта на базе “Белага легіёна”, які насамрэч нібыта ніколі і не распускаўся. Ці так гэта, цікавімся ў заснавальніка “Белага легіёна” Сяргея Бульбы (Чыслава).
Еўрарадыё: У ранейшым інтэрв’ю Еўрарадыё вы расказалі, што “Белы легіён” самараспусціўся 12 гадоў таму. Але цяпер спецслужбы нам даводзяць, што гэта падман і насамрэч “арганізацыя сышла ў глыбокую канспірацыю”…
Сяргей Бульба (Чыслаў): Шчыра: калі я прачытаў фразу пра “глыбока заканспіраваную арганізацыю”, то прызнаўся сябрам: “Я б ганарыўся, калі б у мяне атрымалася такое зрабіць”. Але, на жаль, не. Я не ведаю, што яны яшчэ могуць прыдумаць! Проста іх задача — пасадзіць людзей. Прычым так, каб немагчыма было сцвярджаць, што гэта палітзняволеныя. І хлопцам падкінулі зброю. Гэта лагічна: маўляў, калі паказаць карцінку зброі, то еўрапейцы спалохаюцца і не будуць нікога падтрымліваць. І цяпер усё робіцца для таго, каб справу давесці да лагічнага заканчэння. Узяць той жа артыкул у “СБ” — тут і “Рэгнум” намяшаны, і “Белы легіён”, і чаго там толькі не намяшана! Усё каб сцвердзіць, што нехта ізноў замахваецца на хрустальны сасуд беларускай стабільнасці. Увогуле, я бачу сітуацыю так: адбываецца паказальная “прыбіўка” тых, хто здольны не пагаджацца. Яшчэ на мінулым тыдні я пісаў, што справу будуць перакваліфікоўваць у “незаконнае ўзброенае” і будуць сцвярджаць, што Легіён не спыняў сваёй дзейнасці. Інфармацыю адпаведную мы мелі, але нічога не маглі ёй супрацьпаставіць. Гэта хлусня суцэльная. Гэта і ёсць тая інфармацыйная вайна, якую вядзе ўлада: не ўзяць нейкі факт, згусціць фарбы, упрыгожыць яго, а проста прыдумаць усё з нуля. І як тут можна абвергнуць тое, чаго ўвогуле не было?
Еўрарадыё: А што, няўжо гэта так ужо немагчыма было — заканспіравацца глыбока?
Сяргей Бульба (Чыслаў): Гэта з той жа серыі, што і пра змову сіёнскіх мудрацоў, пра якую так любяць чытаць расіяне. Але мне няма чым ганарыцца — не здолеў я стварыць тое, пра што піша “СБ”, арганізацыя памерла ад бяздзейнасці. Бо папросту не было магчымасці для легальнай працы. Пасля таго як была ўведзеная крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, мы, не маючы магчымасці набіраць новых людзей, проста дэградавалі і зніклі. Вось і ўсё.
Еўрарадыё: Такое адчуванне, што людзі, затрыманыя па справе “Белага легіёна”, ніяк не звязаныя: ваш былы намеснік Лазоўскі, маладзён у параўнанні з ім Зміцер Дашкевіч, распаўсюднік кніг Яўдаха, дагэтуль не вядомы журналістам гісторык…
Сяргей Бульба (Чыслаў): Ну, Лазоўскі супрацоўнічаў з Яўдахам. З Дашкевічам яны маглі перасякацца на Курапатах. Але ж тут ужо дакладна “Легіён” ні пры чым, бо ў Курапатах не было ніякай арганізацыі — проста людзі, якія прыходзілі выказаць сваю незадаволенасць. Я так разумею, што і Дашкевіч там быў сам па сабе, і Лазоўскі не прадстаўляў там ніякай арганізацыі. Я магу выказаць меркаванне, што Дашкевіча выбралі толькі таму, што ён моцны духам хлопец. Больш ніякіх прычын для яго арышту я не бачу.
Дарэчы, нам яшчэ давядзецца пераасэнсоўваць сваё стаўленне да беларускамоўнасці. Калі чалавек размаўляе па-беларуску, гэта яшчэ не азначае, што ён свой. Валера Ігнатовіч з РНЕ цудоўна гаворыць па-беларуску і што? Сёння беларускамоўнасць — яшчэ не аргумент на карысць чалавека.
Еўрарадыё: Чаму быў абраны менавіта той клуб для распрацоўкі, дзе кіраваў ваш брат — Міхалькоў?
Сяргей Бульба (Чыслаў): Таму што ён мой брат. Проста для таго, каб яго можна было звязаць са мной і паказаць, што той клуб, “Легіён” — гэта суцэльная карцінка.
Еўрарадыё: Паміж беларускімі нацыянальнаарыентаванымі ваенна-патрыятычнымі клубамі і ўкраінскімі УНА-УНСО ды батальёнамі “Айдар” і “Тарнада” праводзіцца непразрыстая паралель…
Сяргей Бульба (Чыслаў): З тым жа поспехам з іх могуць вырасці байцы “Алмазу” ці “Альфы”. Людзі, якія шчыра будуць служыць дзяржаве. Я заўжды прыводжу прыклад Ізраіля: паглядзіце на стваральніка “Масада”, чалавека з беларускага Віцебска — блакітнавокага і светлавалосага. “Масад” быў створаны на базе менавіта такіх вось патрыятычных, нацыянальнаарыентаваных структур. Якія і так прысвячалі ўвесь свой час служэнню дзяржаве, тут ім далі дзяржаўныя паўнамоцтвы, і ў выніку “Масад” стаў адной з найлепшых службаў у свеце.
Сяргей Бульба (Чыслаў)
Еўрарадыё: Справа “Белага легіёна” нібыта стала працягам справы “Рэгнума” — вы бачыце тут лагічны працяг?
Сяргей Бульба (Чыслаў): Я доўга круціў у галаве і не мог зразумець: якім чынам гэтыя пазлы складаюцца? Даруйце, мне падаецца, што гэта ўсё не больш як спроба апраўдаць тое, што нехта адзін робіць. Адзін нешта закідвае, а ўсе астатнія вымушаныя гэта апраўдваць.Тут цікава тое, што ўзяліся менавіта за патрыётаў. А на тое, што робяць астатнія, тыя ж арганізаваныя так званымі казакамі лагеры, якія возяць беларускіх дзяцей на навучанне да расійскіх нацболаў у суседнюю краіну, увагі не звяртаецца. Я даўно казаў: Лукашэнка патрэбны Расіі, толькі пакуль ён вынішчае ўсё беларускае. Як толькі ён пачынае заігрываць з беларускімі патрыётамі, з беларускімі нацыяналістамі, ён Расіі становіцца непатрэбным. Аналітычныя цэнтры яшчэ гады два таму спрагназавалі чарговую хвалю нацыянальнага ўздыму. І ўлады спарадзілі вельмі хітрую канцэпцыю — самім ачоліць гэтую хвалю нацыянальнага ўздыму. Пры гэтым маючы намер “прайсці паміж рускімі і нацыяналістамі”. Вось такім чынам, атакуючы і “рэгнумцаў”, і патрыётаў, яны спрабуюць прайсці “паміж”.
Еўрарадыё: Да зброі, нібыта знойдзенай у затрыманых “легіянераў” — ганяць экспертаў, якія па фота даказваюць, што зброя тая — несапраўдная…
Сяргей Бульба (Чыслаў): На самай справе са зброяй усё глыбей. У Лазоўскага праводзяць вобшук дома і нічога цікавага не знаходзяць. Але ёсць каманда “пакаваць”, што яны і робяць. У распараджэнні спецслужбаў суткі знаходзіцца машына Лазоўскага. Глядзім відэа вобшуку машыны: адчыняюць багажнік, паказваюць на тэлекамеры знойдзенае, Лазоўскі круціць галавой адмоўна, што гэта не ягонае. Але нам паказваюць баявы аўтамат з баявымі набоямі. Адвакат фіксуе ўсе неадпаведнасці, едзе ў Генпракуратуру з заявай і што?
Сітуацыя з Данілавым: яго ўвогуле дома не было, калі ў кватэру дзверы ламалі. Што гэта, як не псіхалагічны ціск на яго маці і дзяўчыну? А дома былі толькі “правады” пейнтбольныя, паляўнічыя “стралялкі”, якія проста набыць і на якія ў яго дазволы былі. А што да гранат, якія там ледзь не ў меху з-пад бульбы насілі, — так баявыя гранаты не носяць. І яны не бываюць дэфармаванымі, гэта ненармальна — нікому не трэба граната, якая ў баі не спрацуе. Ды і ўсё, што яны паказваюць, — гэта навучальная зброя, якая ўкладаецца ў школьную праграму НВП. Астатняе спрабуюць дакінуць самі, бо разумеюць, што справа развальваецца.
Еўрарадыё: Чым, на вашу думку, скончыцца гэтая гучная справа?
Сяргей Бульба (Чыслаў): Я баюся, ім патрэбная карцінка, таму частку з гэтых 20-ці вызваляць, але тых, каго лічаць завадатарамі — чалавек 6-7, будуць трымаць. Так разумею, што гэта частка бізнесу: мільярд ужо выцягнулі з Расіі, а зараз трэба з Захаду выцягваць. Прычым тут вельмі важна для ўлады, каб хлопцаў прызналі не палітвязнямі, а такімі тэрарыстамі. Таму і зброю паказваюць.
Еўрарадыё: Дарэчы, а што там за фота з мінамётнай мінай, на якой напісанае ваша прозвішча? Гэтае фота ў кантэксце артыкула стварае ўражанне, што вы яе для беспарадкаў на Дзень Волі ў Мінск перадалі.
Сяргей Бульба (Чыслаў): Так, гэта мінамётная міна. Зробленае фота было даўно: мы вазілі медыцыну на Данбас, на фронт — украінскія ваенныя былі шчыра ўдзячныя. Ну, вось так аддзячылі — зрабілі надпіс на міне і скарысталі па прызначэнні.
Фота са старонкі Сяргея Бульбы ў Фэйсбуку