Створаная міжведамасная рабочая група па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату
У Беларусі стварылі міжведамасную рабочую групу "для выпрацоўкі сістэмных мер па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату". Гэта прадугледжана распараджэннем прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова (№ 557 ад 30 снежня 2016 года).
Як інфармуе прэс-служба Саўміна, групу ўзначаліў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, Нацбанка, Генпракуратуры, Палаты прадстаўнікоў, а таксама Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі.
БелаПАН звяртае ўвагу на той факт, што прадстаўнікоў бізнесу ў ліку ўдзельнікаў групы няма.
Рабочай групе даручана прааналізаваць асноўныя праблемы ажыццяўлення інвестыцый у Беларусі, выпрацаваць прапановы па карэкціроўцы інвестыцыйнага заканадаўства, а таксама разглядаць прапановы дзяржорганаў па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату. Арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму, неабходна да 1 лютага 2017-га прадставіць у Мінэканомікі прапановы па ўдасканаленні інвестклімату.
Гэта ўжо трэцяя міжведамасная рабочая група, створаная беларускім урадам у канцы 2016 года. Аналагічныя групы створаны для ўрэгулявання пытанняў, звязаных з прадастаўленнем насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг, а таксама пытанняў аказання дзяржаўнай падтрымкі пры жыллёвым будаўніцтве.