Суд абавязаў украінца прачытаць шэсць кніг пра вайну з Расіяй
Кнігі трэба не толькі прачытаць, але і выкласці свае ўражанні
Суд абавязаў украінца прачытаць шэсць кніг пра вайну Украіны з Расіяй. Як паведамляе УНІАН, жыхар Чаркасаў быў затрыманы за "заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Украіны і да захопу дзяржаўнай улады". Сілавікі звярнулі ўвагу на тое, што мужчына змяшчаў у Facebook. А ён там абвінавачваў украінскую ўладу ў карупцыі, "узурпацыі" і падштурхоўваў вайскоўцаў да паўстання.
Нядаўна крымінальную справу разглядаў суд у Чаркасах. Мужчына раскаяўся ў зробленым і прасіў строга яго не караць, даць шанец на выпраўленне. У выніку ён атрымаў умоўнае пакаранне (яго вызвалілі ад адбыцця пакарання — года турмы — з выпрабавальным тэрмінам у адзін год). Пры гэтым жыхар Чаркасаў атрымаў спіс кніг, якія ён мусіць прачытаць да канца красавіка 2024 года і пісьмова выкласці свае ўражанні. У ім наступныя выданні: "Ізаляцыя. Тайныя турмы Данбасу ў расповедах уратаваных ад катаванняў і смерці", "Зіма набліжаецца", "Еўразійскі разлом: Украіна ў эпоху гібрыдных выклікаў", "Украіна ў эпоху вайнаміру", "На шчыце. Успаміны сем'яў загінулых воінаў. Данецкі аэрапорт" і "24.02. Дзённік вайны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.