Суд над экс-начальнікам Баранавіцкай ДАІ: "Я клаў на ПДР, бо я служу ў ДАІ"
На судзе над экс-начальнікам Баранавіцкай раённай ДАІ Андрэем Ваўкавыцкім не сталі паказваць запіс відэарэгістратара з месца здарэння. Як піша intex-press.by, гэта было зроблена з увагі на стан маці і дачкі загінулай жанчыны. Пракурор толькі зачытаў расшыфроўку відэароліка.
Па яго словах, на відэа пасля ДТЗ чуваць, як мужчына п'яным голасам спявае песню, у якой ёсць радок: "Я клаў на ПДР, таму што я служу ў ДАІ".
Паводле інфармацыі БЕЛТА, экспертыза ў судзе паведаміла, што загінулая жанчына была цвярозай: у яе арганізме слядоў этылавага спірту не выявілі.
У 15.20 пасяджэнне суда на сёння скончылася. Яно працягнецца 1 сакавіка: у гэты дзень чакаюцца спрэчкі бакоў.
Суд над Андрэем Ваўкавыцкім праходзіць у судзе Ляхавіцкага раёна. Як паведамляла Еўрарадыё, яго вінавацяць у "парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". Здарэнне адбылося ў лістападзе 2016 года: Ваўкавыцкі, які ехаў п'яным і з перавышэннем хуткасці, насмерць збіў жанчыну на нерэгуляваным пешаходным пераходзе каля вёскі Дарава Ляхавіцкага раёна. Мужчына быў не пры выкананні службовых абавязкаў, не ў форме і ехаў на асабістым аўто. Пасля ДТЗ яго адразу затрымалі.