Суд над экс-кіраўніком Службы аховы прэзідэнта пачынаецца ў Мінску

Суд над экс-кіраўніком Службы аховы прэзідэнта пачынаецца ў Мінску

10 сакавіка Вярхоўны суд правядзе выязное пасяджэнне ў судзе Маскоўскага раёна Мінска па фактах карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання.

Абвінавачанымі па справе праходзяць 16 чалавек — восем службовых асобаў дзяржорганаў і банкаў, а таксама восем прадстаўнікоў камерцыйных структур. Самы высокапастаўлены сярод іх — экс-кіраўнік Службы аховы прэзідэнта Андрэй Уцюрын

Расследаваннем справы займаўся КДБ. Паводле звестак следства, пастаўка камп'ютарнага і тэлекамунікацыйнага абсталявання, а таксама праграмнага забеспячэння адбывалася за хабар. У хабарнікаў следчыя канфіскавалі больш за 1,65 мільёна долараў, 62 тысячы еўра і больш за 1 кг золата. Большая частка грошай была атрыманая работнікамі банкаў.

Старшыню праўлення ААТ "Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр" Фелікса Каспяровіча разам з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка Андрэем Падгорным вінавацяць у атрыманні хабару на сумк не менш як 868 тысяч долараў. Начальніку галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Ігару Кудасаву, па звестках следства, далі хабар не менш як на 30 тысяч долараў.

Дырэктар Інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Мінфіна Юрый Зданевіч абвінавачаны ў атрыманні 82,5 тысячы долараў, начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі Дэпартамента бяспекі Беларусбанка Аляксей Мілаванаў — 27 тысяч долараў. У абвінавачанні намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі (і экс-кіраўніка Службы аховы прэзідэнта) Андрэя Уцюрына фігуруе сума ў 190 тысяч долараў і падбухторванне да дачы хабару.

Гендырэктара "Белтэлекама" Сяргея Сівадзедава вінавацяць у атрыманні хабару на 470 тысяч долараў і 15 тысяч еўра. Выканаўчы дырэктар ААТ "Банк БелВЭБ" Юрый Панамароў — у атрыманні 13 тысяч долараў і выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў.

У даванні хабару вінавацяць фактычнага кіраўніка кампаніі "Мабільны сэрвіс" Уладзіміра Жыліна (не менш за 900 тысяч долараў), суўладальніка і аднаго з фактычных кіраўнікоў ТАА "Салідэкс ПІ" і ТАА "Салідэкс" Сяргея Пакрышку (не менш як 195 тысяч долараў), прадстаўніка ІІУП "АМТ-Груп Інтэрнэшнл" Міхаіла Прыгару (285 тысяч долараў), грамадзяніна Латвіі і суўладальніка СТАА "ДПА" Сяргея Шаркова (не менш за 53 тысячы долараў). Па звестках следства, прадстаўнікі кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам" расіяне Віталь Гарбачоў і Уладзімір Казанцаў давалі хабар не менш як па 190 тысяч долараў кожны.

Прадстаўніка ТАА "Мабільны сэрвіс" Аляксандра Броўку вінавацяць у перадачы 13 тысяч долараў і прадастаўленні выгады маёмаснага характару на 1000 фунтаў стэрлінгаў. Дырэктара кампаніі "ТТ-Связькам" Уладзіміра Томчанку вінавацяць у дачы хабару на 9 тысяч долараў.

Пяцёра абвінавачаных заключылі дасудовыя пагадненні — Фелікс Каспяровіч, Андрэй Падгорны, Сяргей Сівадзедаў, Міхаіла Прыгара і расіянін Уладзімір Казанцаў. Яны цалкам прызналі сваю віну. 

На папярэднім судовым пасяджэнні 12 лютага абаронца Андрэя Уцюрына хадайнічаў пра закрыты разгляд справы, але суд не задаволіў гэтую просьбу.

Як піша БЕЛТА па інфармацыі Генпракуратуры, 12 абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, іншыя — пад хатнім арыштам, закладам, падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі