Суд над лідарам АГП зрабілі закрытым
У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд над лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым. Яго вінавацяць у разгалошванні даных папярэдняга следства. За гэта палітыку пагражае штраф або да трох месяцаў арышту.
Казлоў на допытах па "справе Каардынацыйнай рады" адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні, што і стала нагодай для крымінальнай справы. Аднак канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя.
Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", на судзе лідар АГП заявіў адвод суддзі Таццяне Шоцік: "Улічваючы больш за 1,5 тысячы сутак арышту, вар'яцкую колькасць штрафаў, я пры ўсім сваім жаданні не магу разлічваць на тое, што ў адносінах да мяне суд будзе бесстароннім".
Але суддзя адхіліла адвод. Таксама адхіліла яна і хадайніцтва аб запатрабаванні матэрыялаў адміністрацыйнай справы, па якой Казлова арыштавалі на 15 сутак. Арышт адбыўся пасля таго, як Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Палітык прасіў далучыць дакументы, каб паказаць, што чальцы следчай групы не з'яўляюцца засакрэчанымі людзьмі і ўжо фігуравалі ў матэрыялах адміністрацыйнай справы.
Урэшце пракурор прапанаваў разглядаць справу Казлова ў закрытым рэжыме. Суддзя Шоцік задаволіла гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што "ў матэрыялах крымінальнай справы змяшчаюцца даныя папярэдняга следства, якія не падлягаюць разгалошванню".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.