Суд над Мiкалаем Статкевічам прызначаны на 4 траўня
Палітвязня маюць перавесці на турэмны рэжым.
4 траўня ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17 пройдзе суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Яму павінны змяніць рэжым адбыцця пакарання на турэмны, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна" са спасылкай на жонку палітвязня Марыну Адамовіч.
Паведамляецца, што падставай для суда сталі нібыта шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва.
Зусім нядаўна ў лісце жонцы экс-кандыдат у прэзідэнты паведаміў, што яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). У суме ў Статкевіча набралося 13 спагнанняў, з якіх 10 — за адмову ад працы.
Нагадаем, што за ўдзел у Плошчы 2010 года Статкевіча асудзілі на 6 гадоў зняволення. Ён не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Экс-кандыдат у прэзідэнты застаецца апошнім вязнем Плошчы-2010, які дагэтуль знаходзіцца за кратамі.
Фота — AFP