Супраць беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі распачалі крымінальную справу

Саша Філіпенка

Саша Філіпенка / Euroradio

Супраць беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Беларусі распачалі крымінальную справу. У чым менавіта яго абвінавачваюць, пакуль невядома.

У інтэрв'ю novayagazeta.eu Філіпенка кажа, што пра крымінальную справу ў РУУС у Мінску сказалі яго бацьку. "Акрамя гэтага, яшчэ дзве іншыя справы ў працэсе ўзбуджэння, — распавядае пісьменнік. — Дома ў яго прайшоў ператрус, бо я прапісаны па гэтым жа адрасе".

Летась бацьку Сашы Філіпенкі арыштоўвалі на 13 сутак. Гэты арышт пісьменнік ацаніў як спробу ціску на яго самога з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён актыўна выступае ў еўрапейскай прэсе, дзе распавядае пра сітуацыю ў Беларусі, пра рэпрэсіі. Таму не дзіўна, што ў міліцыі бацьку паказвалі раздрукаваныя здымкі сына з прэзідэнтам Швейцарыі, са Святланай Ціханаўскай, з міністрам культуры Германіі. А следчыя пыталіся, ці не збіраецца сын вяртацца ў Беларусь.

"У таты цяпер няма пашпарта, ён не можа з'ехаць, — распавядае Саша Філіпенка. — Можна, напэўна, неяк збегчы, але тата не хоча гэтага, таму што ён нічога злачыннага не здзяйсняў".

Саша Філіпенка — лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій, аўтар шэрагу раманаў. Яго кнігі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, польскую, італьянскую, англійскую і іншыя мовы. Спектаклі паводле яго раманаў і п'ес ішлі ў тэатрах Расіі і Украіны. Філіпенка жыве за мяжой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі