Супраць Паўла Вінаградава распачалі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку
Супраць Паўла Вінаградава распачалі крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 арт. 367 КК). Грамадскаму актывісту пагражае штраф, папраўчыя працы, абмежаванне волі ці нават пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. Жонка Паўла Святлана Вінаградава напісала ў Facebook, што даведалася пра справу ад следчага. "За той самы пост у ФБ ад 8 траўня... Як я разумею, ён пакуль у статусе падазраванага", — адзначыла яна.
Пра затрыманне ў Беразіно былога палітвязня Вінаградава стала вядома 5 ліпеня. Пратакол склалі па факце "парушэння парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў" — за пост у Facebook, у якім ён напісаў, што не верыць у перспектыву пратэстаў на 9 траўня. Суд палічыў, што насамрэч гэта быў "заклік да ўдзелу". Павел Вінаградаў атрымаў 15 сутак. Да іх пасля дадалі яшчэ 30 сутак.
Вінаградаву 33 гады. Ён — актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху, шматлікіх вулічных акцый, неаднаразова затрымліваўся. У 2008-м быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. У 2011-м за ўдзел у "масавых беспарадках" быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў прызнаны палітвязнем. Восенню яго памілавалі і вызвалілі, ён знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам. Паўла Вінаградава шмат разоў затрымлівалі па надуманых прычынах. У выніку ў канцы 2014-га ён з'ехаў з Мінска да бацькі ў Беразіно.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.