Супрацоўнікі КДБ дзейнічалі законна — пракуратура аб стральбе ў Мінску
Супрацоўнікі КДБ адкрылі агонь у адказ / скрыншот відэа
Праверка па факце прымянення агнястрэльнай зброі супрацоўнікамі КДБ, што пацягнула смерць жыхара Мінска, паказала, што сілавікі дзейнічалі законна. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ўчора. Раніцай у сераду Генпракуратура адчыталася аб выніках праверкі.
Праверка паказала, што "дадзены грамадзянін абгрунтавана падазраваўся ў здзяйсненні асабліва небяспечных злачынстваў, звязаных з тэрарызмам". У супрацоўнікаў КДБ была пастанову на ператрус, падпісаная намеснікам генпракурора. Гаспадарам кватэры яны назваліся "прадстаўнікамі праваахоўных органаў". Некалькі разоў патрабавалі адкрыць дзверы, папярэджвалі, што ўзламаюць яе.
"Пасля чаго праваахоўнікі на законных падставах адчынілі дзверы і ўвайшлі ў кватэру. Там падазраваны двойчы стрэліў у супрацоўнікаў КДБ з агнястрэльнай зброі", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Супрацоўнікі КДБ адкрылі зваротную стральбу. У гэтай сітуацыі яны дзейнічалі на падставе Закона "Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", адзначылі ў пракуратуры.
Два чалавекі загінулі ўчора ў Мінску пры спробе супрацоўнікаў КДБ трапіць у кватэру Андрэя Зэльцэра. Зэльцэр адмовіўся адчыняць дзверы. А калі сілавікі праніклі ў памяшканне, стрэліў у іх з паляўнічай стрэльбы, сілавікі пачалі страляць у адказ. Зэльцэр і адзін з супрацоўнікаў КДБ загінулі. У абодвух засталіся маленькія дзеці. СК распачаў крымінальную справу па п. 10 ч. 2 арт. 139 КК РБ "Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.