"Сургутнафтагаз" не збіраецца змяншаць пастаўкі нафты на "Нафтан"

"Сургутнафтагаз" — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь / Reuters
"Сургутнафтагаз" — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь / Reuters

Расійская кампанія "Сургутнафтагаз" не збіраецца скарачаць пастаўкі нафты на "Нафтан".

— "Нафтан" — наш пастаянны партнёр. Астатняе, тое, што цяпер адбываецца [санкцыі ЗША. — Еўрарадыё], кампанія пакідае без каментароў, — адказаў на пытанні Еўрарадыё пра магчымае скарачэнне паставак прэс-сакратар расійскай кампаніі.

"Сургутнафтагаз" — трэцяя па аб'ёмах паставак нафты з Расіі ў Беларусь і другая па пастаўках на "Нафтан". У красавіку туды пайшло 204 тысячы тон нафты з "Сургутнафтагаза". Прэс-сакратар дадае, што "пастаўкі носяць рэгулярны характар".

Нядаўна расійская кампанія "Транснафта" заявіла пра зніжэнне паставак нафты ў Беларусь у траўні ў 2,2 раза. На два беларускія НПЗ паступіць толькі 608 тысяч тон нафты. Пра тое, колькі сыравіны будзе пастаўлена на кожны з заводаў, у "Транснафце" не паведамляюць.

Гэта навіна выклікала вялікі рэзананс на фоне паведамлення Reuters пра тое, што расійскія пастаўшчыкі нафты могуць спыніць пастаўкі на "Нафтан", баючыся трапіць пад санкцыі ЗША.

Атрымаць каментары ў "Транснафты" і ў іншых пастаўшчыкоў у Еўрарадыё пакуль што не атрымалася.

 

Мазырскі НПЗ ідзе на рамонт на два тыдні пазней

Скарачэнне паставак, пра якое кажуць у "Транснафце", звязвалі з планавым капрамонтам, які ў траўні павінен быў пачацца на Мазырскім НПЗ. Аднак, як паведаміла Еўрарадыё крыніца ў НАУ, капрамонт ссоўваецца на два тыдні — і замест 15 траўня пачнецца 1 чэрвеня.

На прадпрыемстве нам пацвердзілі гэту інфармацыю.

“Сургутнефтегаз” не собирается уменьшать поставки нефти на “Нафтан”
Капрамонты на Мазырскім НПЗ праходзяць кожны год / mnpz.by

— Сёлета капрамонт будзе з 1 чэрвеня, — кажа намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, персанале і сацыяльным развіцці Мазырскага НПЗ Генадзь Цецярук. — Усе дамовы на пастаўку нафтапрадуктаў будуць выкананыя, як і папярэднія чатыры месяцы, і мы не сарвём паставак.

Перанос рамонту можа быць звязаны з чуткамі, што "Нафтан" у траўні атрымае ўсяго 50 тысяч тон нафты (у красавіку было 600 тысяч тон). А адначасовая недазагрузка "Нафтана" і спыненне Мазырскага НПЗ на рамонт пагражаюць перабоямі з палівам на беларускіх АЗС. Улады адмаўляюць магчымасць такога павароту падзей.

— Ніхто нічога толкам не ведае. Працуюць па факце. Няма нават плана на месяц, — адзначае крыніца НАУ на прадпрыемстве. — Загрузка сярэдняя. Устаноўкі вельмі дрэнна сябе адчуваюць. Ні пра якую эфектыўнасць ужо няма гаворкі. Толькі б дажыць да рамонту. Плана на травень пакуль няма. Сутачная загрузка цяпер 28 тысяч тон.

Па словах інфарматара, мінімальная загрузка Мазырскага НПЗ, пры якой працуюць усе ўстаноўкі, — 24,5 тысячы тон. Пры загрузцы да 33 тысяч тон завод можа працаваць без занадта вялікай колькасці пабочных прадуктаў. Праз рамонт завод не спыніцца цалкам, але будзе зніжана магутнасць асобных установак.

— Напярэдадні рамонту за пэўны перыяд назапашваюцца ўжо гатовыя нафтапрадукты ў рэзервуарах, колькасць якіх перавышае аб'ёмы, прадугледжаныя кантрактамі на пастаўку. І мы планамерна іх адгружаем, — кажа Генадзь Цецярук.

Цікавімся, ці можа зніжэнне паставак "Транснафты" быць звязанае з меншым спажываннем на Мазырскім НПЗ?

— Напэўна, так. Складаюцца доўгачасовыя графікі паміж "Транснафтай" і прадпрыемствам. У адпаведнасці з гэтым графікам паступае нафта. Акрамя таго, нафта паступае чыгуначным транспартам і танкерамі праз Чорнае мора, а потым па чыгунцы. Аднак я дакладна не ведаю гэтыя графікі, паколькі гэтыя пытанні не ў маёй кампетэнцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі