Сусветны банк абнавіў прагноз для беларускай эканомікі
Сусветны банк / Getty Images
Сусветны банк перагледзеў прагноз для беларускай эканомікі на гэты год. Пра гэта піша reform.by са спасылкай на вясновы агляд эканамічных перспектыў краін рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі. У Сусветным банку мяркуюць, што сёлета беларускі ВУП крыху падрасце — на 0,6% паводле вынікаў года. Раней фінансавы інстытут пісаў пра падзенне на 2,3%.
ВУП атрымаецца нарасціць за кошт нафтахіміі, машынабудавання і вытворчасці прадуктаў харчавання. Пастаўкі гэтай прадукцыі цяпер пераарыентаваныя на Расію ці яе парты. Дадатковая падтрымка чакаецца і ад імпартазамяшчальных праектаў. Захаваюцца праблемы з лагістыкай і пастаўкамі камплектавальнікаў, але часткова іх атрымаецца вырашыць за кошт "паралельнага" імпарту.
Пры гэтым аптымізму з нагоды сярэднетэрміновых перспектыў беларускай эканомікі ў экспертаў няма, бо захоўваюцца рызыкі ўвядзення дадатковых санкцый, а таксама другасных эфектаў ад скарачэння расійскай эканомікі.
Нагадаем, беларускі ўрад разлічвае на рост ВУП сёлета ў 3,8%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.