Святар, які раней служыў у Беларусі, зладзіў пікет у Крыме
Пробашч каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сімферопалі ксёндз Данііл Мыслянцаў, які раней на працягу некалькіх гадоў служыў ў Паставах і Друі, правёў пікет. 24 сакавіка ён прыйшоў да будынка гарадской адміністрацыі з патрабаваннем выдзеліць зямлю пад будаўніцтва касцёла. Ксёндз стаяў з распяццем і плакатам “Каталікі не марсіяне, а ўраджэнцы Сімферопаля”.
Сёння вернікі даручанага ксяндзу Даніілу Мыслянцаву прыхода збіраюцца на Святую Імшу ў невялікім доміку. Два месяцы таму пробашч сустракаўся з прадстаўнікамі крымскіх уладаў і яму паабяцалі “праз тыдзень вырашыць пытанне з вылучэннем зямлі”, аднак нічога не было зроблена.
Каталіцкія вернікі Крыма маліліся аб спрыяльным вырашэнні пытання ўвесь Вялікі Пост і цяпер гатовыя ладзіць мітынг ля адміністрацыі Сімферопаля. Ксёндз кажа, што не хоча ніякіх канфліктаў і таму сам правёў адзіночны пікет.
Праз 15 хвілінаў пасля пачатку акцыі да ксяндза Данііла выйшаў адказны па справах рэлігіяў адміністрацыі Сімферопаля, аднак святар не пачуў ад яго нічога новага і цяпер баіцца, што не зможа далей стрымліваць абурэнне сваіх вернікаў.
Каталіцкі храм, збудаваны ў Сімферопалі ў 1840 годзе, быў зачынены ў 1935 годзе, у сярэдзіне 70-х гадоў разбураны, а на яго месцы быў пабудаваны гандлёвы цэнтр “Акіян”.
У 1997 годзе прыхаджане Сімферопаля набылі прыватны дом, перабудаваўшы яго пад капліцу, якая сёння не змяшчае ўсіх вернікаў, піша krynica.info