Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне на сустрэчу з Джо Байдэнам
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне на сустрэчу з Джо Байдэнам расказала ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат".
"Мы плануем сустрэчу з Джо Байдэнам. І ў нас ужо ёсць запрашэнне на такую сустрэчу", — сказала яна.
Ціханоўская таксама распавяла, што ў яе найбліжэйшых планах — паездкі ў Вялікабрытанію і Нарвегію, а таксама ў краіны ўсходняга рэгіёну.
Пры гэтым яна са шкадаваннем канстатавала, што афіцыйных кантактаў з Масквой дагэтуль у яе не было. Былі толькі мэсэнджы на неафіцыйным узроўні, хоць яе каманда гатовая да дыялогу.
На пытанне, што б яна сказала Уладзіміру Пуціну, Ціханоўская прызналася, што паспрабавала б растлумачыць расійскаму прэзідэнту, што Масква, падтрымліваючы Аляксандра Лукашэнку, губляе сімпатыі беларусаў.
"З-за таго, што спадар Пуцін падтрымлівае рэжым, гэта значыць, падтрымлівае збіццё, катаванні і вось гэтае здзеклівае стаўленне да беларускага народу, стаўленне беларусаў стала змяняцца", — сказала яна.
Адпаведна, чым больш Масква будзе падтрымліваць рэжым, тым больш будзе губляць лаяльнасць беларусаў.
Напярэдадні кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў сказаў, што Масква не кантактуе з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Падставай сталі заявы лідара Народнага антыкрызіснага кіравання Паўла Латушкі з нагоды кантактаў з Масквой. Па словах Лаўрова, заява Латушкі пра "кантакты на дастаткова высокім узроўні" "беспардонная", паколькі той не можа назваць прозвішчы. "Хачу коратка адказаць на ваша пытанне: гэта поўная хлусня", — сказаў Лаўроў журналістам у Мінску на пытанне аб такіх кантактах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.