Святлана Ціханоўская звярнулася да бацькоў школьнікаў і настаўнікаў
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
З нагоды заканчэння навучальнага года Святлана Ціханоўская звярнулася да настаўнікаў, выпускнікоў і бацькоў школьнікаў. Яна выказала занепакоенасць у сувязі з бясконцымі рэформамі адукацыі і акцэнтам на ідэалогію.
"Калісьці школьнікі здавалі экзамены для паступлення ў ВНУ, потым — цэнтралізаванае тэставанне. Цяпер здаюць цэнтралізаваны экзамен і рэспубліканскую кантрольную работу па гісторыі Беларусі. У якой няма ні слова пра сталінскія рэпрэсіі і масавыя расстрэлы, але хапае "ідэалагічна вывераных" аповедаў", — адзначыла яна.
З дзецьмі спрабуюць гаварыць пра патрыятызм, але паняцце "Радзіма" падмяняюць "Лукашэнкам". На думку Ціханоўскай, калі не супрацьстаяць гэтай ідэалагічнай апрацоўцы, калі бацькі своечасова не ўмяшаюцца, то "з дзяцей зробяць будучых прапагандыстаў і сілавікоў". У сувязі з гэтым палітык заклікала бацькоў не пускаць дзяцей на ідэалагічныя ўрокі, экскурсіі і мерапрыемствы, асабліва ў выходныя дні. Настаўнікі ж, на яе думку, маглі б або адмовіцца праводзіць такія мерапрыемствы, або негалосна іх сабатаваць.
"Нашы дзеці мусяць вучыцца ў школе, свабоднай ад прапаганды", — кажа Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.